Кіраўнік МУС Юрый Караеў сустрэўся з лідаркай ініцыятывы „Маці 328”



Лідарка ініцыятывы „Маці 328” Ларыса Жыгар 5 ліпеня сустрэлася з міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым.

Як паведаміла Жыгар БелаПАН, на сустрэчу яна мела намер пайсці разам з тымі маці, якія з 11 чэрвеня па 3 ліпеня праводзілі галадоўку, але іх не пусцілі. „Аднак я адразу спытала міністра, ці прыме ён іх, калі яны запішуцца на прыём у жніўні. Міністр сказаў, што не адмовіць маці ў сустрэчы, — адзначыла Жыгар. — Так што ў жніўні, калі ў яго будзе асабісты прыём грамадзян, маці запішуцца і пойдуць”.

Паводле яе слоў, асноўным пытаннем, якое яна ўзняла на сённяшняй сустрэчы, — гэта прымяненне часткі 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса і лёс асуджаных згодна з ёй грамадзян. „Гэтую частку не закранулі нядаўнія змены ў заканадаўстве і амністыя, у тым ліку і падлеткаў, якія на яе падставе асуджаныя, — сказала Жыгар. — Я заўважыла, што адносна яе таксама трэба нешта рабіць. Але пазіцыя МУС пакуль у тым, што гэтую частку ніяк пераглядаць не будуць. Міністр адзначыў, што па другой і трэцяй частках нядаўна прынялі змены (гаворка ідзе пра зніжэнне ніжняй мяжы пакарання на два гады. — БелаПАН.). Сказаў, што ёсць суды і пракуратура і што трэба мяняць правапрымяняльную практыку”.

Жыгар адзначыла, што падняла таксама пытанне зялёных нашывак, якія вымушаныя насіць на вопратцы зняволеныя, асуджаныя паводле арт. 328 КК. „Я сказала, што гэта ненармальна, што іх так пазначаюць. Давайце тады пазначаць і забойцаў, і гвалтаўнікоў. Міністр абяцаў разабрацца”, — паведаміла яна.

Яшчэ адной тэмай для абмеркавання сталі пасылкі для зняволеных, у асаблівасці рэчавыя, якія дазволена дасылаць раз на год вагой 30 кг. „Я прасіла дазволіць іх разбіваць хаця б на дзве па 15 кг на працягу года, — сказала Жыгар. — Бо не ва ўсіх можа быць дастаткова сродкаў, каб за раз сабраць 30-кілаграмовую пасылку. А калі адправіць яе меншай па вазе, то ўсё роўна лічаць як 30 кг, і больш нельга дасылаць”.

Жыгар паведаміла, што ўсяго на сустрэчы ўзняла 15 пытанняў. „Усе яны былі запісаныя памочнікам міністра. Мне абяцалі, што па кожным пытанні разбяруцца і дадуць пісьмовы адказ, — сказала суразмоўніца. — Таксама перадала зварот маці. Па ім таксама павінны даць адказ”.

Паводле яе слоў, 10 лiпеня жанчын, якія трымалі галадоўку, запрасілі на сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай. Да гэтай сустрэчы аднаўляць галадоўку яны не плануюць.

Галадоўка маці асуджаных паводле арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) пачалася 11 чэрвеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. З першага дня ў ёй удзельнічалі Ала Бярналь, Алена Кузьміна і Людміла Кулініч. 22 чэрвеня да іх далучылася Ларыса Жыгар. Жанчыны патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталляй Качанавай, Юрыем Караевым, карэктавання антынаркатычнага артыкула і стварэння камісіі па пераглядзе спраў ужо асуджаных паводле арт. 328 КК.

13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі, якія прадугледжваюць зніжэнне на два гады ніжніх межаў пакарання паводле частак 2 і 3 артыкула 328 КК. Як растлумачылі БелаПАН у парламенце, пасля ўваходжання паправак у сілу для тых, хто ўжо асуджаны згодна з часткамі 2 і 3 артыкула 328 КК, магчымы перагляд спраў, але не аўтаматычна, а паводле хадайніцтва асуджанага.

belapan.by