Урачыстасці з нагоды 200-годдзя царквы ў Пяценцы



7 ордэнаў Марыі Магдалены і адзін ордэн Кірыла і Мефодзія атрымалі прыхаджане праваслаўнай парафіі ў Тапалянах.

Уручэнне высокіх адзнакаў Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы,  было прымеркаванае да ўрачыстасцяў з нагоды двухсотгоддзя існавання царквы ва ўрочышчы Пяценка ў гміне Міхалова. Сёння тут асвяцілі і адмысловую памятную дошку.

– Паколькі сёння юбілей храма – з моманту пабудовы споўнілася 200 год, таму айцец Аляксандр прапанаваў, каб у гонар гэтага ўручыць ордэны.

“ У памяць 200-годдзя храма ў Пяценцы”  – памятная дошка з такім надпісам на царкоўнаславянскай мове  была асвечана сёння і замацавана  на сцяне царквы.

Якраз сёлета спаўняецца 200 гадоў з часу асьвячэння краевугольнага каменя пад будаўніцтва цяперашняй царквы, хаця гісторыя гэтага месца нашмат старэйшая, кажа даследчык праваслаўя на Падляшшы прафесар Антон Мірановіч:

– Дзе з’явілася Маці Божая дзецям, пачалася пабудова першай царквы ў гонар святой Параскевы. Пазней пабудавалі другую царкву на так званай Князёвай гары. Капліца ў гонар святых Барыса і Глеба. Гэтая святыня першая вялікая была пабудавана ў першай палове 18 стагоддзя. А тая, якую мы сёння бачым, пабудавана ў гонар Узвышэння святога Крыжа ў 1819 годзе. І сёння мы святкуем гэтую гадавіну.

На памятнай дошцы пазначаны гады  1819 – 2019 , адзначана, што дошка з’явілася намаганнямі архіепіскапа Беластоцкага і Гданьскага Якуба і настаяцеля айца Аляксандра Аляксеюка. 

У гэтым годзе на рэлігійных урачыстасцях у Пяценцы прысутнічаў архіепіскап Якуб, а таксама звыш 10 святароў з суседніх прыходаў, ды некалькі сотняў вернікаў.

Царква і каплічка ля святой крыніцы  ва ўрочышчы Пяценка належаць да праваслаўнай парафіі ў Тапалянах.  Кожны год у 10-ю пятніцу пасля Вялікадня тут праходзяць рэлігійныя ўрачыстасці ў памяць святой Параскевы  – ахоўніцы хворых, а таксама сямейства.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя