Ці варта прадаваць алкаголь у віцебскай зоне спартовага адпачынку?



Абмеркаванне гэтай праблемы зладзіла адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебска, бо якраз на гэтай тэрыторыі находзіцца паркавая зона ўздоўж ракі Віцьба, дзе трэніруюцца спартоўцы-аматары і гуляюць сем’і з дзецьмі. Сёлета побач са спартовымі пляцоўкамі ўсталявалі летнія кавярні, дзе гандлююць алкаголем на разліў, і гараджане выказалі свой пратэст: стварылі петыцыю супраць продажу алкагольных напояў.

На грамадскім абмеркаванні  прысутнічаў і Мікалай Вайцюхоўскі, дырэктар футбольнага клубу “Віцебск” – гэта яму належыць  адна з вулічных   кавярняў. Ці азначае гэта, што футбольны клуб падтрымлівае распіццё алкагольных напояў, а не здаровы лад жыцця?

Мікалай Вайцюхоўскі лічыць, што галоўнае – атрымліваць прыбыткі:

– Футбольны клуб ніяк не можа быць за алкаголь. Але адзін з накірункаў нашага развіцця – гэта гандаль. Мы і паставілі гандлёвы шапік. Нам прапанавалі яго паставіць. Калі шапік будзе без алкаголю, то ён будзе стратны. А я гаспадарнік: мне тады ці зусім не ставіць шапік, ці каб ён прыносіў прыбытак.

Падчас сустрэчы гучалі меркаванні і пра тое, што няма нічога страшнага, калі побач са спартовымі трэнажорамі або дзіцячымі атракцыёнамі людзі выпіваюць. Але большасць прысутных гаварылі пра  тое, што ў горадзе існуе безліч вулічных кавярняў, а зона спартовага адпачынку – адна.

– Мяне Іванам завуць, я чатыры гады туды хаджу. Катаемся там на роварах, або прыходжу з дзецьмі , і яны катаюцца на самакатах. У нашым горадзе і так шмат розных гандлёвых шапікаў, кавярняў шмат адчыняецца, на любы густ. А хацелася б, каб было месца для заняткаў спортам без выпіўкі і без гэткага ўсяго астатняга.

Кіраўнік раённай адміністрацыі Сяргей Сташэўскі яшчэ на пачатку сустрэчы заявіў, што гэтае пытанне вырашыць не можа.

Бо падтрымлівае як прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, так і аматараў кульнуць чарку на свежым паветры. Навошта тады ладзілася абмеркаванне, прысутныя так і не зразумелі. Адказ на петыцыю супраць продажу алкагольных напояў у зоне спартовага адпачынку людзі чакаюць ад гарвыканкаму.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя