Купалле на канале Агінскага



У Слоніме на ўзбярэжнай канала Агінскага адбылося раённае свята Купалле.

Яно не было такім шматлюдным, як у мінулыя гады, але ж свята таксама парадавала слонімцаў і гасцей горада. Былі на свяце песні, танцы, запальвалі касцёр на канале Агінскага і запусцілі на ваду вялікі вянок.

Сёлета на канале Агінскага ў Слоніме працуюць будаўнікі, якія ачышчаюць канал і ўпарадкоўваюць яго берагі. Канал атрымае новае аблічча да свята беларускага пісьменства і друку, якое адбудзецца 1 верасня. Напярэдадні свята плануецца адкрыць у Слоніме бюст Міхалу Казіміру Агінскаму, пад кіраўніцтвам якога ў XVIII стагоддзі будаваўся гэты канал.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара