Не памыліцца



Лета – гэта час не толькі для вакацый і адпачынку. Здавалася б, гуляць і гуляць… Але пра гэта цяпер не думае ні адзін мой аднагодак, таму што ідэя фікс гэтага лета – ўступ ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Варта толькі падумаць аб тым, колькі лёсаў гэтай восенню зменіцца проста па пстрычцы пальцаў, становіцца страшна. Паступленне – гэта не толькі гучная заява пра сябе, а і сапраўднае выпрабаванне, адказнасць і сур’ёзны крок у дарослае жыццё.

Для таго, каб не памыліцца з выбарам, можна спадзявацца на дапамогу бацькоў, якія дапамогуць вызначыцца: ведаючы цябе, як ніхто іншы, яны падкажуць, што табе бліжэй, з якой прафесіяй звязаць сваё жыццё, каб стаць паспяховым спецыялістам. Я лічу, што дапамога дарослага і разумнага чалавека ў такой сітуацыі проста неабходная. Яшчэ ёсць добрыя знаёмыя і, вядома ж, сябры. Многія мае равеснікі не задумваюцца над тым, якое ў іх пакліканне ў жыцці – яны нават не спрабуюць сябе вывучыць. Іх мэта – гэта паступіць у тую ж навучальную ўстанову, у якую паступае і яго сябар. І нават калі ты прыроджаны філолаг (з тваіх вуснаў сыплюцца сотні фразеалагізмаў, цябе не адарваць ад кнігі, а дыялог з табой захоплівае кожнага субяседніка), але сябра плануе звязаць сваё жыццё з эканомікай, тэхналогіямі, а яшчэ лепш – з кафедрай вышэйшай матэматыкі, ты ўжо, не раздумваючы, рыхтуеш пакет дакументаў для паступлення. А чым гэта апраўдана? Пакутай і далейшым шкадаваннем?

Асабіста для мяне сяброўства – гэта тое, што не параўнаецца абсалютна ні з чым у гэтым жыцці, безумоўна, пасля бацькоўскай любові, але пры гэтым я лічу, што таго, хто ставіць на адну чашу вагаў дружбу і адукацыю, нельга назваць свядомым чалавекам. Трэба ўмець расстаўляць прыярытэты і думаць пра будучыню, магчыма, вызначыць свой далейшы лёс – значна важней таго, што ёсць „зараз”. На шчасце, мне гэта не пагражала – мая прага змяненняў у той момант была больш за усі пачуцці на зямлі і, дзякуючы сваім жаданням, я знайшла пакліканне і ведаю, чаго хачу ад жыцця – мне гэтага дастаткова.

Сапраўдная дружба і людзі, дарагія сэрцу, заўсёды будуць яго грэць, па-за залежнасці ад таго, у якім пункце свету ты знаходзішся і якую дарогу сабе абярэш. А быць салідарнымі з сябрамі ў плане выбару прафесіі, баючыся страціць сяброўства, гэта, па меншай меры, глупства.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ