Новы кантракт на пастаўку калійных угнаенняў у Бангладэш



 Беларусь і Бангладэш падпісалі новы гадавы кантракт на пастаўку беларускага хлорыстага калію.

Як паведамляе прэс-служба Савета Рэспублікі, кантракт падпісаны па выніках сустрэчы старшыні верхняй палаты Міхаіла Мясніковіча 8 ліпеня з дэлегацыяй Міністэрства сельскай гаспадаркі Бангладэш.

Дакумент прадугледжвае экспарт у краіну 450 тыс. тон калійных угнаенняў. Кантракт падпісаны генеральным дырэктарам ААТ „Беларуская калійная кампанія” Аленай Кудравец і старшынёй Дзяржаўнай карпарацыі па развіцці сельскай гаспадаркі Бангладэш Вахідам Хондакерам.

Па выніках 2018 года доля БКК на калійным рынку Бангладэш перавысіла 40%, удакладнілі ў прэс-службе. Паводле звестак Белстата, у мінулым годзе Беларусь паставіла ў гэту краіну хлоркалію больш чым на 80 млн долараў.

Абмеркаваны таксама пытанні экспарту беларускай сельскагаспадарчай і дарожна-будаўнічай тэхнікі, магчымасці пашырэння імпарту з Бангладэш тэкстыльных тавараў. Размова ішла і аб узаемадзеянні ў сферы падрыхтоўкі кадраў. „Эканоміка Бангладэш развіваецца даволі паспяхова. Гэта рынкі. Беларусь зацікаўлена не толькі ў гандлі, але і ў развіцці інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Бангладэш, стварэнні сумесных кампаній і вытворчасцяў. Гатовыя дзяліцца сваімі тэхналогіямі і ноу-хау”, — падкрэсліў Мясніковіч.

belapan.by