Чысты продаж валюты насельніцтвам скараціўся ў 2,5 разу
У Беларусі ў студзені-чэрвені 2019 года фізічныя асобы прадалі (у наяўнай і безнаяўнай форме) замежнай валюты амаль на 322 млн даляраў больш, чым купілі, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.
За шэсць месяцаў насельніцтва Беларусі прадало банкам наяўнай і безнаяўнай валюты на 4 млрд 521 млн даляраў, купіла — 4 млрд 198,6 млн даляраў. Такім чынам, чысты продаж замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 322,4 млн долараў.
Паводле вынікаў аналагічнага леташняга перыяду чысты продаж валюты насельніцтвам быў зафіксаваны ў 797 млн долараў, або ў 2,5 разу больш, чым паводле вынікаў шасці месяцаў гэтага года.Тэндэнцыю скарачэння чыстай прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку Беларусі канстатаваў Нацыянальны банк на красавіцкім пашыраным пасяджэнні праўлення.
„У цэлым на ўнутраным валютным рынку працягваецца скарачэнне чыстай прапановы замежнай валюты, што акрэслілася з другога квартала 2018 года. Пры гэтым назіраюцца дзве рознанакіраваныя тэндэнцыі: суб’екты гаспадарання скарачаюць чысты попыт на замежную валюту, тады як насельніцтва зніжае яе чыстую прапанову”, — адзначыў, выступаючы з дакладам, начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын.
Насельніцтва выступае чыстым прадаўцом замежнай валюты з пачатку 2016 года. Эканамісты тлумачаць гэта тым, што за кошт зберажэнняў людзі імкнуцца падтрымліваць спажыванне на больш высокім узроўні, чым можна разлічваць з улікам наяўных даходаў. Такая тэндэнцыя дазваляла дзяржаве выкупляць гэтыя сродкаў і накіроўваць іх на выплаты па дзярждоўгу. Разам з тым аб’ёмы чыстага продажу замежнай валюты фізічнымі асобамі паступова скарачаюцца, што эканамісты звязваюць са змяншэннем валютных зберажэнняў і ростам заработнай платы.
belapan.by