Лукашэнка адказаў, ці ўвойдзе Беларусь у склад Расеі
Кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся не ламаць дамову пра стварэнне саюзнай дзяржавы, але пра ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі ці наадварот – “нават гаварыць не трэба”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, – паведамляе БЕЛТА.
“Мы адказалі, што гэтага сёння рабіць наагул не трэба. Нават размаўляць на гэтую тэму. І Пуцін на гэтае пытанне адказваў. І я тым больш. Няма такой неабходнасці”, — сказаў Лукашэнка.
Чакаецца, што Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца 18 ліпеня ў манастыры на Валааме ў Расеі.
Лукашэнка заявіў, што ён з Пуціным не збіраецца нешта там тайна вырашаць. “…Гэта наша праваслаўная святыня. Я там проста павінен пабываць”, – сказаў Лукашэнка.