Пра свята для маладых і нежанатых



Нашыя продкі яшчэ якія 50 гадоў таму вельмі здзівіліся б, калі б даведаліся, што Купалле ў 21 стагоддзі раптам стане сімвалам братэрскай любові трох краінаў. Як пра гэта сказаў адзін палітык. Прычым у дадзеным выпадку зусім няважна сяброўства якіх краінаў. Бо нашыя продкі лічылі Купалле эратычным святам, а зусім не сімвалам сяброўства. Ды яшчэ краінаў.

На Купалле і дзяўчатам можна было апрануць адныя кашулі без андаракаў. І хлопцы маглі свае кашулі не падвязваць паясамі. І ўвогуле хадзілі на Купалле дзяўчаты і маладзёны, каб вызначыцца, хто каму падабаецца. Бо ўвосень і ўзімку пачыналіся вяселлі. Адсюль і тэматыка песняў на Купалле: што купала начавала ў чыстым поле; што Янка Марысю не хоча браці, бо не ўмее жаці; што бог засцярог, каб з сястрою спаць не лёг; што старшы дзеўкі замуж пойдуць, младшы дзеўкі гуляць будуць. Таму і не хадзілі кабеты ды мужыкі на купалле: яны ўжо шлюб пабралі, у іх іншыя клопаты. Таму Купалле можа быць сімвалам эротыкі, маладосці, будучых шлюбаў, аднак зусім не сяброўства трох краінаў. А калі паглядзець на фотаздымкі, то чамусьці яшчэ прадстаўнікі гэтых трох краінаў, якія прысутнічалі на тэматычным купальскім канцэрце, даўно выраслі са шлюбнага ўзросту. Не з’яўляюся прыхільніцай эйджызму, але гэтым усім цётачкам і дзядзечкам з аднаго вядомага кацэрта на Купалле трэба было хадзіць год трыццаць, а тое і сорак таму. І нашыя продкі пра гэта ім бы проста і сказалі. Бо ёсць іншыя святы: Каляды, Вялікдзень, Дажынкі і процьма іншых. А Купалле – гэта эратычнае свята для маладых і нежанатых.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ