У Беларусі пашыраць пералік жывёл, якія падлягаюць ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі



У пералік жывёл, якія падлягаюць ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі, плануецца ўключыць гадаваныя ў Беларусі птушку, рыбу і пушных звяроў, паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску 9 ліпеня дырэктар ДУ „Цэнтр інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі” Анжэла Боршч.

Паводле яе слоў, гэта прадугледжана законапраектам аб унясенні зменаў у закон „Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, сачэнні за сельскагаспадарчымі жывёламі (статкамі), ідэнтыфікацыі і сачэнні за прадуктамі жывёльнага паходжання”.

Боршч адзначыла, што дакумент павінен быць разгледжаны на восеньскай сесіі парламента. „Закон дапрацаваны, спадзяюся, у лістападзе гэтыя дапаўненні і змяненні будуць прынятыя. У нас пашырыцца спектр рэгістрацыі жывёл. На гэты момант мы рэгіструем пяць відаў жывёл: буйную рагатую жывёлу, свінні, авечкі, козы, коні. У абноўленым законе дададуцца новыя жывёлы: пушныя звяры, трусы, птушка, рыба”, — паведаміла яна.

Дырэктар Міжгаліновага навукова-практычнага цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі і электронных дзелавых аперацый НАН Беларусі Генадзь Валністы падкрэсліў, што ў нацыянальнай сістэме ідэнтыфікацыі і сачэння за жывёлагадоўчай прадукцыяй AITS ужо ўтрымліваюцца звесткі аб прадукцыі з птушкі і рыбы, якая пастаўляецца на экспарт. У выпадку змены заканадаўства ідэнтыфікацыі будуць падлягаць усе гадаваныя жывыя арганізмы.

Паводле слоў Валністага, са студзеня мінулага года ў Беларусі ў сістэму ідэнтыфікацыі ўнесеныя і абнаўляюцца звесткі пра ўсе асобіны буйной рагатай жывёлы, свіней, авечак, коз і коней, прадукцыя жыццядзейнасці або мяса якіх затым ідзе ў перапрацоўку. „З 24 студзеня 2018 года ні адно перапрацоўчае прадпрыемства не прымае прадукцыю ад неідэнтыфікаванай жывёліны, уключаючы малако з прыватных падворкаў”, — адзначыў ён.

Дырэктар цэнтра дадаў, што ў краіне больш за 78 тысяч чалавек здаюць малако з асабістых падворкаў на перапрацоўчыя прадпрыемствы, і інфармацыя аб усіх каровах, якія даюць гэтае малако, таксама ўтрымліваецца ў нацыянальнай сістэме ідэнтыфікацыі і сачэння за прадукцыяй жывёлагадоўлі.

belapan.by