Забароненая пілігрымка грэка-католікаў мяняе фармат
25-я штогадовая пілігрымка з Віцебску ў Полацак была адменена праз тое, што з арганізатараў запатрабавалі абсалютна непад’ёмную суму за суправаджэнне калоны. Ёсць толькі адзіны спосаб, каб міліцэйскую ахову, паслугі медыкаў і ЖКГ улады прадаставілі бясплатна, кажа святар Зміцер Грышан, пробашч віцебскай парафіі Уваскрасення Хрыстовага:
– Ёсць святкаванні, якія ўключаны ў план ці вобласці, ці раёнаў. Гэта значыць, што дзяржава зацікаўлена ў іх правядзенні. І ўсё, што з гэтым святкаваннем звязана, у тым ліку пілігрымкі, яна таксама разглядае як частку гэтага плану. Калі нам удасцца пераканаць улады, што наша пілігрымка таксама нясе нешта добрае, то яна, магчыма, таксама трапіць у гэты план. Я адкрыты на дыялог, і спадзяюся, што з боку ўладаў гэты дыялог таксама распачнецца.
Паводле заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, грашовых выплат за абслугоўванне не патрабуюць у тым выпадку, калі дзяржава становіцца суарганізатарам мерапрыемства. Сёлета гэтую ідэю рэалізаваць не ўдалося, але гэта не значыць, што пілігрымка ў Полацак сарваная – яна проста памяняла фармат. Цяпер ён такі, як агучыў адзін з парафіянаў Барыс Хамайда:
– Я не здзіўляюся таму, што гэты рэжым робіць – што забаранілі прайсці калонай. Гэтым яны толькі зробяць нам вельмі вялікую рэкламу. Але ведаеце, гэта ж духоўная справа! Мне могуць забараніць ісці агульнай калонай, але я магу асабіста прайсці гэты шлях!
Вернікі будуць дабірацца да Полацку ўласным ходам – на асабістым і грамадскім транспарце – каб у суботу 13 ліпеня трапіць да полацкай Сафіі. У грэка-каталікоў ёсць традыцыя маліцца пад сценамі храма ў памяць пра полацкіх пакутнікаў, закатаваных за веру расейскім царом Пятром Першым. Сёлета ў саборы будзе арганізаваны канцэрт а 16-й гадзіне, а назаўтра, у нядзелю 14-га ліпеня, ахвотных запрашаюць на ўрачыстую літургію ў полацкую ўніяцкую царкву.
Беларускае Радыё Рацыя