У Гародні – воркшоп па аналагаваму фота



13-14 ліпеня 2019 году ў цэнтры Гародні на Кірава 3, у дворыку, дзе месцяцца “Цудоўня”, “Адметнасць” і крама “Кубік” адбудзецца майстар-клас па аналагаваму фота.

У праграме – конкурсы і навучанне, праяўка фота ды іншыя рэчы, якія былі патрэбныя фатографу ХХ стагоддя.

Пра будучае мерапрыемства распавядае адна з арганізатарак Алена Клімава:

– Хочацца паглядзець, колькі ў нас аматараў стужкавай фатаграфіі. Я лічу, што гэта вельмі цікавае і вельмі ўнікальнае ў нашым горадзе. Гэта будзе займальна для людзей, хто цікавіцца фотаздымкамі, не абавязкова хто карыстаецца толькі стужкавымі апаратамі. Гэта будзе каштоўна і для тых людзей, хто захапляецца лічбавымі здымкамі, хто пачынае гэтую справу, хто здымае на тэлефон для Інстаграмы.

На думку Алены Клімавай, падобныя сустрэчы будуць цікавыя не толькі адмыслоўцам, але і тым, хто хоча пазнаёміцца ўпершыню з аналагавым фота.

– На гэтым воркшопе можна будзе таксама прыдбаць фотастужку, можна будзе зрабіць сканаванне і таксама паспрабаваць сябе ў праяўцы стужкі ўручную, таму што гэта вельмі цікава. Я гэтага сама ніколі не рабіла, хаця цікаўлюся аналагавай фатаграфіяй.

Пачатак сустрэчы а 12-й гадзіне. Каб стаць удзельнікам гэтага майстар-класу, трэба зарэгістравацца ў гарадзенскай “Цудоўні”, якая з’яўляецца арганізатарам сустрэчы.

Беларускае Радыё Рацыя