Міліцыя правярае інфармацыю пра „масавы мор кароў”
Жлобінскі РАУС праводзіць праверку інфармацыі, апублікаванай шэрагам телеграм-каналаў і СМІ, пра „масавы мор кароў” на ферме ААТ „Мормаль”.
Паводле паведамленняў, на ферме працаўнікі прадпрыемства „сышлі ў запой” і перасталі карміць жывёл, у выніку чаго адбыўся масавы падзеж жывёлы, пры гэтым „трупы ніхто не прыбірае”. У доказ былі размешчаныя фатаграфіі мёртвых цялят.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, міліцыя падчас праверкі папярэдне ўстанавіла, што сапраўды 2 ліпеня на ферме ААТ „Мормаль” загінулі два цяляці, што з’яўляецца „натуральнай тэхналагічнай стратай” пры пагалоўі сотні ці тысячы цялят.
Міліцыя ўстанавіла, што масавага мору кароў на ферме няма. Здымкі былі зробленыя адным з работнікаў фермы, які вымушаны працаваць тут, каб кампенсаваць дзяржаве выдаткі (аліменты) на ўтрыманне дачкі.
Супрацоўнікі РАУС па выніках праверкі вынесуць працэсуальнае рашэнне.