Юрый Глебік: Патрэбна вялікая даследчыцкая праца
У Свіслачы даследуюць меркаваную магілу Віктара Каліноўскага. Як ацэньвае сітуацыю мясцовы грамадскі актывіст Юрый Глебік, які цэлы час прысутнічае ў час даследчыцкіх працаў.
РР: Якая мэтазгоднасць гэтых раскопак, што яны могуць даць патэнцыйна?
Юрый Глебік: Па-першае, мы мусім ведаць гістарычную праўду, ведаць як насамрэч усё адбывалася, дзе знаходзіцца магіла Віктара Каліноўскага. Мы гэта мусім ведаць дасканала. Але ж трэба ўлічваць, колькі часу прайшло, – 157 гадоў з дня пахавання. І калі аднаўлялі помнік, не было поўнай упэўненасці, што менавіта на гэтым месцы заходзіцца магіла. Бо на той час на гэтым месцы была толькі невялічкая каплічка графа Тышкевіча. І побач былі пахаванні: на левым баку хавалі праваслаўных, на правым – католікаў. І калі пасля ІІ Сусветнай вайны будавалі царкву, маглі надмагільныя помнікі змясціць. Мы дакладна ведаем, што магіла Віктара Каліноўскага знаходзіца на гэтых могілках. Дакладнае месца вызначыць вельмі складана. І нам вельмі хочацца яго ведаць, але гэта вялікая даследчыцкая праца. А зараз усё пачало рабіцца неяк спантанна. І даследуецца толькі гэтае месца.
РР: Што найважнейшае для грамадскасці ў сувязі з гэтым помнікам?
Юрый Глебік: Для нас магіла Віктара Каліноўскага як была, так і застанецца на гэтым месцы. Нават калі не знойдуць парэшткаў Віктара Каліноўскага на гэтым месцы, мы ведаем, што яны знаходзяцца тут побач. Гэтая магіла як была помнікам паўстанцам, так і застанецца. І ў грамадскай свядомасці гэта непарушна будзе.
Беларускае Радыё Рацыя