У мяркуемай магіле Віктара Каліноўскага знайшлі парэшткі чалавека
У Свіслачы на магіле Віктара Каліноўскага, брата кіраўніка паўстання 1863-64-х гадоў Кастуся Каліноўскага, адбыўся трэці дзень раскопак.
Як паведаміў назіральнік ад грамадскасці Юры Глебік, пасля працэдуры эксгумацыі экспертамі будзе вызначана, мужчынскія гэта парэшткі ці жаночыя.
– Знайшлі парэшткі чалавека ў гэтай магіле. Пакуль яго паціху дастаюць, ачышчаюць ад зямлі. Дакументуюць парэшткі. Будуць спрабаваць узяць нейкія часткі на ідэнтыфікацыю. Затым будуць вызначаць: мужчына ці жанчына. Калі мужчына, то будуць браць на экспертызу.
Назіральнік ад грамадскасці – мясцовы свіслацкі грамадска-палітычны актывіст Юрась Глебік пільна сочыць за працэсам. Гэтая магіла ёсць месцам ушанавання памяці паўстанцаў і ўсіх герояў палеглых за Беларусь, за што ўлады штогод пераследуюць і караюць удзельнікаў гэтага знакавага для беларусаў мерапрыемства.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя