Дэпутат Ганна Канапацкая звярнулася ў пракуратуру



Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая звярнулася ў пракуратуру Менска ў сувязі з атрыманнем адказаў не па сутнасці ад кіраўніка беларуска-расейскай інтэграцыйнай групы, міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога. Фатаграфіі звароту яна апублікавала ў сацыяльных сетках.

„Была вымушаная звярнуцца ў пракуратуру ў сувязі з адказамі не па сутнасці ад кіраўніка беларускай рабочай групы па пытаннях інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Нагадаю, я запытвала дакументы з прапановамі аналагічнай расійскай групы і адказамі на іх беларускай. Інфармацыя пра існаванне гэтых дакументаў неаднаразова агучвалася рознымі афіцыйнымі асобамі Расеі і Беларусі аж да прэм`ерскага ўзроўню”, — напісала Канапацкая ў суправаджальным каментары ў сацсетках.

У звароце аб праверцы выканання законнасці, датаваным 9 ліпеня, адзначаецца, што адказу па сутнасці на запыт Канапацкай ад 24 мая ад Крутога няма ўжо 46 дзён. У ім дэпутат просіць пракуратуру „прыняць меры для аднаўлення законнасці” і прыцягнуць да адказнасці асоб, вінаватых у парушэнні парадку разгляду звароту ў Міністэрстве эканомікі.

„Я настойваю і патрабую ад адказных асоб у беларускім кіраўніцтве даць і мне як дэпутату і прадстаўніку беларускага народа, і ўсёй грамадскасці поўную інфармацыю аб працэсах інтэграцыі Расеі і Беларусі, якія адбываюцца, аб працы як самастойнай, так і сумеснай беларускай і расійскай рабочых груп па інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы, і рэгулярна публічна даваць справаздачу праз СМІ аб праведзенай рабоце перад грамадзянамі Беларусі”, — паведамлялася на старонцы дэпутата.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая накіроўвала 24 траўня паўторны запыт кіраўніку беларускай часткі рабочай групы па пытаннях інтэграцыі з Расеяй міністру эканомікі Дзмітрыю Крутому з просьбай прадставіць дакументы з прапановамі аб далейшым развіцці інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы. Адказу па сутнасці не было дадзена.

Аналагічныя адказы атрымала дэпутат Алена Анісім ад прэм`ер-міністра Сяргея Румаса.

У канцы 2018 года расейскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расеі і Беларусі ў Саюзнай дзяржаве. У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.

21 чэрвеня прэм`ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў правёў у Менску перамовы з беларускім калегам Сяргеем Румасам. „Перамовы прайшлі добра. Мы разумеем адзін аднаго, чуем адзін аднаго, і абсалютна шчыра, не для таго каб выканаць дыпламатычны этыкет, скажу, што мы ўрэшце па інтэграцыйнай тэматыцы гаворым на адной мове”, — сказаў Мядзведзеў па іх выніках.

Сустрэўшыся затым з Лукашэнкам, расейскі прэм`ер заявіў, што самыя складаныя пытанні інтэграцыйнай позвы пакінутыя прэзідэнтам.

Ва ўрадзе РФ заяўляюць, што рашэнні ўрада па фінансава-эканамічных узаемаадносінах з Беларуссю, у тым ліку па крэдытах і цэнах на газ, могуць быць прынятыя пасля ўзгаднення бачання далейшай інтэграцыі з Расіяй.

Беларусь і Расея дамовіліся, што не будуць „ламаць” дагавор аб Саюзнай дзяржаве, а будуць крок па кроку развіваць інтэграцыю, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня на сустрэчы з дзяржсакратаром СД Рыгорам Рапотам. Пры гэтым беларускі кіраўнік канстатаваў, што ў Саюзнай дзяржаве назбіралася „куча пытанняў, якія не вырашаюцца”.

Лукашэнка растлумачыў, чаму публічна загаварыў пра праблемы: „Ужо заўтра нам сустракацца з прэзідэнтам Пуціным у Піцеры. І абмяркоўваць вынікі гэтых перамоваў. А абмяркоўваць няма чаго на сённяшні дзень. Таму я б папрасіў вас ўзяць гэта пад кантроль і ініцыяваць, паставіць жорстка пытанне перад расійскай бокам аб тым, што мы павінны ўжо літаральна за некалькі дзён выйсці на нейкія вынікі. Каб мы маглі выпрацаваць парадак дня і абмяркоўваць гэтыя пытанні з прэзідэнтам Пуціным 17—18 ліпеня ў Піцеры. Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, ні пра што не кажучы, — напэўна, гэты час ужо прайшоў”.

belapan.by