Актывісткі ініцыятывы „Маці 328” сустрэліся з Качанавай



Прадстаўнікі ініцыятывы „Маці 328” 10 ліпеня сустрэліся з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай і абмеркавалі шэраг праблем, звязаных з прымяненнем артыкула 328 КК, паведаміла БелаПАН лідар ініцыятывы Ларыса Жыгар.

Паводле яе слоў, сустрэча доўжылася прыкладна паўтары гадзіны. На ёй прысутнічалі чатыры прадстаўніцы ініцыятывы, якія раней бралі ўдзел у галадоўцы ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Менскай вобласці з 11 чэрвеня па 3 ліпеня.

„Качанава добра ведае праблему артыкула 328 КК, яна ёй не новая, чалавек паглыбіўся і разумее гора маці. Гэтак жа і прэзідэнт глыбока ў гэтай праблеме. Яны ўсё ведаюць і разумеюць. Прасіла больш не галадаць, таму што, калі ёсць канструктыўныя прапановы, яна гатовая нас прыняць”, — сказала Жыгар.

На сустрэчы маці ўздымалі пытанне прымянення часткі 4 артыкула 328 (незаконны абарот наркотыкаў, здзейснены арганізаванай групай, або стварэнне наркалабараторыі). Да некаторых асуджаных гэтая частка артыкула прымененая несправядліва, лічаць маці. Яны маюць намер дамагчыся перагляду спраў. „Мы гаварылі пра рэабілітацыю, рэсацыялізацыю, пра прафілактыку, якой няма, але садзяць на велізарныя тэрміны”, — адзначыла актывістка.

Акрамя таго, абмяркоўвалася сітуацыя з функцыянаваннем інтэрнэт-магазінаў па продажы наркотыкаў, гаворка ішла пра тое, што існуе магчымасць іх набыцця з дапамогай некаторых банкаў праз крыптавалюты.

Паводле слоў лідара ініцыятывы „Маці 328”, Качанава паабяцала на наступным тыдні правесці нараду з прадстаўнікамі сілавых структур і абмеркаваць там усе пытанні, якія падымаліся на сустрэчы. „І на працягу месяца даць адказ на звароты, у тым ліку на звароты маці непаўналетніх, якія не павінны сядзець”, — сказала Жыгар.

„Таксама мы прасілі пра сустрэчу з кіраўніком дзяржавы, на што адмовы мы не атрымалі”, — дадала яна.

Паводле слоў Жыгар, да атрымання адказаў ад Качанавай аднаўляць галадоўку актывісткі не плануюць.

Тым часам яшчэ адна група маці асуджаных на падставе артыкула 328, якая пазіцыянуе сябе асобна ад ініцыятыў „Маці 328” і „Наша права”, 10 ліпеня ў Мінску прысутнічала на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА). Актывісткі прасілі адвакатаў знізіць расцэнкі на складанне наглядных скаргаў.

„Мы паставілі пытанне кошту наглядных скаргаў адвакатаў, згадалі пра дзяцей-сірот, якія не могуць аплаціць наглядныя скаргі”, — паведаміла БелаПАН актывістка групы Алена са Слоніма (Гродзенская вобласць).

„Ставілі пытанне, што юрыдычная дапамога аказваецца неналежным чынам. І прапанавалі ім узяць нашы справы і скласці звароты так, каб гэта дало належны эфект”, — дадала яна.

Паводле слоў актывісткі, у БРКА паабяцалі разгледзець пастаўленыя маці пытанні і даць адказ у пісьмовым выглядзе.

Таксама 9 ліпеня гэтая ініцыятыўная група дамагалася прыёму ў старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы, але жанчынам было адмоўлена. Пры гэтым адна з членаў ініцыятыўнай групы атрымала запрашэнне на прыём да Сукалы 7 жніўня. Яно паступіла ў адказ на калектыўны зварот, адпраўлены 19 чэрвеня старшыні Вярхоўнага суда і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку з просьбай прыняць іх, каб абмеркаваць пытанне „пра тое, што па артыкуле 328 не існуе аднастайнай практыкі прымянення, і пра тое, што ў розных судах за адны і тыя ж дзеянні людзей судзяць па розных частках артыкула”.

Галадоўка маці асуджаных згодна з арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў) працягвалася з 11 чэрвеня па 3 ліпеня ў вёсцы Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. З першага дня ў ёй удзельнічалі Ала Берналь, Алена Кузьміна і Людміла Кулініч. 22 чэрвеня да іх далучылася Ларыса Жыгар. Жанчыны патрабавалі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Наталляй Качанавай, кіраўніком МУС Юрыем Караевым, карэкціроўкі антынаркатычнага артыкула і стварэння камісіі па пераглядзе спраў ужо асуджаных на падставе арт. 328 КК.

belapan.by