„Транснафта” не ўзгадніла прапанову Беларусі павялічыць тарыф



Расейская кампанія „Транснафта” атрымала прапанову ААТ „Гомельтранснафта Дружба” павысіць тарыфы на транспарціроўку нафты, але не лічыць магчымым яе ўзгадняць.

„Мы атрымалі ліст і адправілі ім адказ”, — сказаў БелаПАН прэс-сакратар „Транснафты” Ігар Дзёмін, адмовіўшыся паведаміць сутнасць адказу.

Між тым расейскаму Інтэрфаксу Дзёмін расказаў, што гэта ўжо трэцяя сёлета спроба беларускага боку „змяніць сітуацыю з тарыфамі на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных нафтаправодах”. Раней „Гомельтранснафта Дружба” прапаноўвала павялічыць тарыфы з 1 мая на 23,1%, затым — з 10 ліпеня на 21,7%. Апошні ліст датаваны 1 ліпеня. У ім прапаноўваецца павысіць тарыфы з 1 жніўня на 21,7%, паведаміў прэс-сакратар.

„На сёння адсутнічаюць як выніковыя дадзеныя па памеры дадаткова атрыманай ад ПАТ „Транснафта” тарыфнай выручкі па аперацыях замяшчэння, так і зацверджаны графік транспарціроўкі нафты на IV квартал 2019 года. Гэта не дае магчымасці зрабіць карэктную ацэнку „выпадаючых даходаў” у 2019 годзе і ўзгадніць справядлівы памер павышэння тарыфаў”, — сказаў Дзёмін.

Цяпер пытанне аб пазапланавым павелічэнні тарыфаў ААТ „Гомельтранснафта Дружба” на транзіт нафты пераходзіць на ўзровень разгляду ўпаўнаважаных органаў Беларусі і Расеі ў галіне тарыфнага рэгулявання, дадаў Дзёмін.

Сваю прапанову павысіць тарыфы „Гомельтранснафта Дружба” аргументуе неабходнасцю кампенсаваць страты пасля аварыі на нафтаправодзе „Дружба”. Беларуская кампанія сцвярджае, што з-за паставак забруджанай хларыдамі расейскай нафты яна недаатрымала 23,7 млн. долараў. „Такім чынам, у другім квартале 2019 года для ААТ „Гомельтранснафта Дружба” наступілі непрадбачаныя і некантраляваныя абставіны, звязаныя са значным адхіленнем ад заяўленых раней ПАТ „Транснафта” аб’ёмаў транспарціроўкі нафты па беларускім участку, якія аказалі істотны ўплыў на паказчыкі вытворча-фінансавай дзейнасці „Гомельтранснафта Дружба” ў гэтым годзе”, — цытуе ліст Інтэрфакс.

Гэта, у сваю чаргу, не дазволіць беларускаму аператару нафтаправода „Дружба” кампенсаваць выдаткі, звязаныя з абслугоўваннем магістральнага нафтаправода, а таксама рэалізаваць праграму тэхнічнага пераўзбраення ў 2019 годзе.

У кампаніі „Гомельтранснафта Дружба” БелаПАН пацвердзілі факт звароту ў „Транснафту”, аднак адмовіліся ад якіх-небудзь каментараў.

belapan.by