Мінская мітраполія БПЦ і Мінаблвыканкам падпісалі новае пагадненне



Мінская мітраполія Беларускай праваслаўнай царквы і Мінскі абласны выканаўчы камітэт 11 ліпеня падпісалі новае пагадненне аб супрацоўніцтве.

Сярод сфер супрацоўніцтва з вобласцю мітрапаліт Павел назваў адукацыю, міласэрнасць, патрыятычнае выхаванне, дапамогу бацькам, сацыяльнае служэнне. „Мы самі не можам усё зрабіць, і, натуральна, у гэтую працу залучаецца дзяржава, абласная ўлада і ўсе добраахвотнікі, якія хочуць праявіць сваё спачуванне і саўдзел тым людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе”, — адзначыў ён.

Мітрапаліт Павел паведаміў, што Мінская вобласць пакуль адзіная сярод рэгіёнаў Беларусі падпісала такое пагадненне з БПЦ. Пры гэтым мітрапаліт адзначыў, што аналагічныя пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаныя з міністэрствамі адукацыі, абароны, аховы здароўя, інфармацыі і іншымі ведамствамі.

Мінская мітраполія Беларускай праваслаўнай царквы складаецца з чатырох дыяцэзій, якія ўключаюць 33 благачынні, 310 святароў і 385 рэлігійных суполак, што аб`ядноўваюць тысячы вернікаў.

belapan.by