Судзяць ахоўніка, які назваў газету “Новы час” фашысцкай



На ахоўніка магілёўскай крамы «777» Дзмітрыя Прохарава паскардзіўся ў міліцыю распаўсюднік газеты „Новы час” пенсіянер Віктар Чараухін, які заяўляе, што Прохараў прынізіў яго, назваўшы «фашыстам».

Міліцыя ўгледзела ў дзеяннях ахоўніка факт прыніжэння і перадала справу ў суд, паведамляе БелаПАН.

У судзе Прохараў сваёй віны не прызнаў. Ён адмовіўся пайсці і на прапанаванае суддзёй Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра Таццянай Міхайлавай прымірэнне. Прохараў заявіў, што не прыніжаў, называючы фашыстам, Чараухіна. І гэтаму, сцвярджае ён, ёсць шмат сведак. Ніхто з іх на судовае паседжанне, праўда, не прыйшоў. Кажа Віктар Чараухін:

– Гэтая газета не фашыстоўская. Яна зарэгістраваная ў Міністэрстве інфармацыі. Я маю права яе распаўсюджваць. А ён парушыў мае правы, сказаў, каб я не распаўсюджваў фашыстоўскую газету. Гэта значыць, што я – фашыст. А пасля ён мяне вывалак на вуліцу, дзе я падвярнуў нагу і падрапаў рукі.

Віктар Чараухін казаў на судзе, што распаўсюджвае газету «Новы час» шмат гадоў і ў яго была вусная дамоўленасць з адным з ахоўнікаў крамы, што ён будзе насіць выданне для яго калег. Сярод пакупнікоў газеты не распаўсюджваў, паколькі не меў, паводле яго слоў, такога права – не дамаўляўся на гэты конт з гаспадаром крамы.