«Шахцёр» перамог, «Дынама» – унічыю, «Віцебск» прайграў



Перамога, нічыя і параза – вынік выступаў беларускіх клубаў у першых матчах стартавага кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы УЕФА. Пасля паразы „Віцебска” ў гасцях ад фінскага «Куопіё» – 0: 2, рэнамэ беларускага футбола падтрымалі «Шахцёр» і менскае «Дынама». «Жоўта-чорныя» на сваім полі перайгралі мальтыйскі «Хіберніанс» – 1: 0 – на 69-й хвіліне гол забіў малады паўабаронца Валер Грамыка, а «бела-блакітныя» згулялі ўнічыю ў гасцях з латвійскай «Ліепаяй» – 1: 1 – Мікіта Капленка на 88-й хвіліне зраўняў лік матчу. Адзначым, што на 7-й дададзенай да другога тайма хвіліне дынамавец Кехіндэ Фатаі не рэалізаваў пенальці. Сустрэчы ў адказ пройдуць праз тыдзень.

Ціманоўская выйграла «золата» на Універсіядзе

Беларуска Крысціна Цімановская заваявала залаты медаль у бегу на 200 м на XXX Сусветнай летняй Універсіядзе ў Неапалі. У фінальным забегу адна з лепшых спрынтараў выступала на пятай дарожцы. Крысціна Цімановская упэўнена прабегла заключныя 100 м пасля выхаду з віражу і фінішавала з вынікам 23,00 сек. – лепшы вынік бягухі ў сезоне. Другое месца заняла немка Джэсіка-Б’янка Весолі – 23,05 сек.. Залаты медаль Крысціны Ціманоўскай – трэці ў скарбонцы студэнцкай зборнай Беларусі. Раней плывец Рыгор Пякарскі заваяваў бронзавы медаль на дыстанцыі 50 м батэрфляем, а гімнаст Ягор Шарамкоў стаў другім у апорным скачку.

Восем хакеістаў паспрабуюць замацавацца ў «Дынама»

Менскае «Дынама» абвясціла аб падпісанні праглядальных кантрактаў з яшчэ васьмю хакеістамі. У іх ліку і некалькі ветэранаў клуба. Брамнік Дзмітрый Мільчакоў, абаронца Раман Дзюкаў, а таксама форварды Андрэй Сцяпанаў, Аляксандр Мацярухін і Арцём Волкаў добра знаёмыя дынамаўскім заўзятарам. Раман Дастанка праходзіў прагляд у клубе два гады таму. Ёсць у ліку запрошаных і два зусім маладых хакеіста. Форварды Андрэй Паўленка і Віктар Масілевіч, якія з’яўляюцца гульцамі маладзёжнай зборнай Беларусі.

Сымона Халіп супраць Серэны Уільямс у фінале Уімблдона

У фінальным матчы Уімблдона ў жаночым адзіночным разрадзе згуляюць дзве экс-першыя ракеткі свету – румынка Сімона Халеп і амерыканка Серэна Уільямс. У паўфінале Серэна ўпэўнена абыграла чэшку Барбару Стрыцаву, якая сенсацыйна дабралася да паўфіналу – 6: 1, 6: 2. Што тычыцца Халеп, то яна нечакана лёгка адолела ўкраінку Эліну Світоліну – 6: 1, 6: 3. Характэрна, што па шляху да фіналу Сымона абыграла двух беларусак – Аляксандру Сасновіч і Вікторыю Азаранку. Вырашальны матч пройдзе ў суботу.

Беларусь прыме чэмпіянаты Еўропы па водных лыжах

Беларусь прыме ў верасні дарослы і юніёрскі чэмпіянаты Еўропы па водных лыжах, паведамілі ў федэрацыі гэтага віду спорту. Спаборніцтва за рыксэнам (электрацягай) сярод вядучых спартоўцаў адбудуцца 6-8 верасня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па водналыжным спорце ў пасёлку Воўчкавічы пад Менскам. Тут жа праз тыдзень пройдзе юніёрскае кантынентальнае першынство. У гэтыя выхадныя на вадасховішчы „Пціч” у Воўчкавічах пройдзе адкрыты чэмпіянат Беларусі сярод спартоўцаў ад 15 да 19 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя