Паліцыя Беластока працягвае разбірацца ў справе збіцця беларуса і расейца



Чацвёрты камісарыят паліцыі ў Беластоку вядзе падрыхтоўчае разбіральніцтва, датычнае здарэння з грамадзянамі Беларусі і Расеі Аляксандрам Лаўрэнцьевым і Алегам Савіным.

“Кваліфікуюць яго артыкулам Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Польшча – “Удзел у бойцы альбо збіцці”, – паведамілі ў прэс-службе аддзела камунікацыі з грамдствам упраўлення ваяводскай паліцыі ў Беластоку:

– Гэтым часам паліцыя працягвае вывучаць гэтую справу.

РР: Пра матывы гэтага нападу яшчэ нічога невядома?

– Пра гэта яшчэ зарана казаць. І мы не выключаем, што яшчэ можа адбыцца змена кваліфікацыі. Усё канчаткова высветліцца праз тыдзень, або за пару тыдняў. Яшчэ раз апытаем сведкаў. І тады будзе прынята рашэнне.

29 чэрвеня каля 23:30 гадзін у Беластоку адбылося здарэнне з гарадзенцам Аляксандрам Лаўрэнцьевым і калінінградцам Алегам Савіным. Па-словах хлопцаў, невядомыя ўжылі ў дачыненні да іх слезацечны газ і збілі. Хлопцы кажуць, што нападнікі “выправаджвалі іх дамоў”. 30 чэрвеня абодва звярнуліся ў мясцовую паліцыю. “Усе дзеянні, датычныя гэтай справы, праходзяць пад наглядам раённай пракуратуры Беласток-Поўдзень”, – падсумавалі ў прэс-службе паліцыі.

Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток