Беларускія баскетбалісткі абыгралі Боснію на ЧЕ (U-18) у Сараеве



Беларускія баскетбалісткі абыгралі Боснію і Герцагавіну на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы (U-18) у Сараеве. Падапечныя Надзеі Камянец і Валерыя Ваўлева атрымалі перавагу на старце – 20:14, але да заключнай, чацвёртай, чвэрці саступалі з лікам 43:45.

Лідарскія якасці ў канцоўцы сустрэчы праявіла Юлія Васілевіч, якая стала лепшым снайперам беларускай каманды, набраўшы 16 ачкоў. У яе актыве і два дакладных трапленні з лініі штрафных кідкоў, якія прынеслі ў канцоўцы перамогу беларускам – 63:61. Наступную гульню беларускія баскетбалісткі правядуць 13 ліпеня супраць каманды Ізраіля.

Пілот „МАЗ-СПОРТаўта” Сяргей Вязовіч перамог на шостым этапе „Шаўковага шляху”

Пілот „МАЗ-СПОРТаўта” Сяргей Вязовіч перамог на шостым этапе ралі-рэйду „Шаўковы шлях”. Спецучастак працягласцю 408 км пралягаў па шырокіх дарогах у стэпе. На другім месцы расеец Антон Шыбалаў і яго суайчыннік Айрат Мардзееў – на трэцім. У генеральнай класіфікацыі беларусы захоўваюць першы радок з перавагай у 16 ​​хвілін.

19-гадовы выхаванец менскага „Дынама” падпісаў кантракт з „Растовам”

19-гадовы паўабаронца Уладзімір Мядзведзь падпісаў кантракт з „Растовам”. Пра гэта паведамляе сайт „жоўта-сініх”. Мядзведзь з’яўляецца выхаванцам менскага „Дынама”, выступаў за „Нафтан”, берасцейскае „Дынама” і „Слуцк”. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі футбаліст дэбютаваў у 17 гадоў.

19-гадовая Ганна Грышкевіч анулявала кантракт з італьянскай „Монцай”

Адна з самых таленавітых маладых валейбалістак Беларусі Ганна Грышкевіч рассталася з італьянскай „Монцай”, з якой нядаўна заключыла кантракт.

“Ганна Грышкевіч рыхтуецца стаць мамай. Гэта ніяк не ўвязваецца з тым, што яна нядаўна заключыла кантракт з італьянскай „Монцай”. Перамены на асабістым фронце прывялі да таго, што яе пагадненне з паўнамоцным уладальнікам Кубка выкліку анулявана. Тут трэба заўважыць, што некалькі тыдняў таму з-за сардэчнага прыступу памёр знакаміты іспанскі настаўнік „Монцы” Мігель Фаласка, які і клікаў Грышкевіч на Апеніны”, – распавёў пра прычыны журналіст „Прэсбола” Ягор Бачыла.

Нікога з фанатаў менскага „Дынама” ў Латвіі не затрымалі

Прэс-сакратар менскага „Дынама” Аляксандр Строк паведаміў „Нашай Ніве”, што ніхто з фанатаў каманды ў Латвіі затрыманы не быў, усе спакойна даглядзелі матч на стадыёне. Падчас гульні першага кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы паміж „Ліепаяй” і „Дынама” на полі выбеглі фаны беларускага клуба. Адбылося гэта ў самым канцы, калі госці зраўнялі лік (1:1). У выніку фанатаў „Дынама” з цяжкасцю вярнулі на сектар сцюарды.

У Токіо падчас першага этапу продажаў рэалізавана 3,22 млн квіткоў на Алімпіяду-2020

Аргкамітэт Алімпіяды ў Токіо заявіў, што пасля першага этапу продажаў у Японіі сярод мясцовых жыхароў рэалізавана 3,22 млн квіткоў. Больш за 90% з іх распаўсюдзіліся шляхам латарэі, што падвысіла ажыятаж у краіне вакол правядзення Алімпійскіх гульняў. Тыя, хто не змог набыць квіткі падчас першай фазы рэалізацыі, атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць у латарэі ў жніўні, а ў афіцыйны продаж квіткі паступяць толькі ўвосень.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота FIBA