Герман прыбегла першай у Швецыі
Беларуска Эльвіра Герман заваявала залаты медаль у бегу на 100 м з бар’ерамі на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі. У фінале турніру адна з лідараў зборнай прабегла дыстанцыю за 12,70 сек. Гэта лепшы асабісты вынік сезона беларускі. У фінальным забегу на 100 м з бар’ерамі прынялі ўдзел яшчэ дзве беларускі. Руслана Рашкаван заняла пятую выніковую пазіцыю – 13,22 сек., а Святлана Парахонько стала шостай – 13,31 сек. Віялета Скварцова заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы ў трайным скачку. Вынік беларускі – 13 м 79 см. Залаты медаль у актыве Дыяны Загайнавай з Літвы – 13 м 89 см. Медаль Віялеты Скварцовай стала трэцяй у скарбонцы зборнай Беларусі.
Хандошка пазмагаецца за медаль на чэмпіянаце свету
Беларуска Васіліна Хандошка выйшла ў фінал па сінхронным плаванні на чэмпіянаце свету па водных відах спорту, які праходзіць у паўднёвакарэйскім Кванджу. Па выніках тэхнічнай праграмы яна паказала дзявяты вынік. З 28 спартсменак у фінал выйшлі 12 лепшых. Найбольшую колькасць балаў у кваліфікацыі набрала Святлана Калеснічэнка з Расеі.
Кур’ёзны гол прапусціў Сарока
У 15-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе Магілёве на стадыёне «Спартак» мясцовая каманда «Дняпро-МГЗ» прымала «РЦАР-БДУ» і прайграла па выніках сустрэчы 3: 4. Адзін з галоў быў забіты досыць кур’ёзна. На 69-й хвіліне абаронца Ягор Хвалько аддаў пас галкіперу Антону Сарока, але той прамахнуўся, і мяч закаціўся ў браму. Пасля гэтага лік стаў 3: 3, а затым госці аформілі перамогу. Нагадаем, што «Дняпро-МГЗ» пасля 15 гульняў у чэмпіянаце набраў ўсяго 10 ачкоў і знаходзяцца ў адным месцы ад зоны вылету. Яшчэ адзін матч багаты на галы адбыўся ў сталіцы, дзе „Менск” у сталічным дэрбі згуляў унічыю з „Іслаччу” 3: 3.
„Зубры” зацвердзілі трэнерскі штаб
Хакейны клуб „Дынама-Менск” сфармаваў трэнерскі штаб на маючы адбыцца сезон у Кантынентальнай хакейнай лізе. Галоўнаму трэнеру Крэйгу Вудкрафту будуць дапамагаць Андрэй Мезін, Павел Перапехін, Аляксандр Журык і французскі спецыяліст па фізпадрыхтоўцы Адрыян Вальво, які будзе працаваць з дынамаўцамі ў бліжэйшыя тры месяцы, а затым прыязджаць у Беларусь і сачыць за станам гульцоў. Таксама абаронца Дзмітрый Знахаранка і нападнікі Ілля Літвінаў ды Іван Драздоў падпісалі двухбаковыя кантракты з менскім «Дынама».
Джокавіч супраць Федэрэра ў фінале Уімблдона
У фінале мужчынскага адзіночнага разраду Уімблдона згуляюць серб Новак Джокавіч і швейцарац Роджэр Федэрэр.
Джокавіч у чатырох сэтах абыграў іспанца Раберта Батыста-Агута – 6: 2, 4: 6, 6: 3, 6: 2, а 40-е супрацьстаянне легендарных Роджэра Федэрэра і Рафаэля Надаля завяршылася перамогай швейцарца – 7:6, 1: 6, 6: 3, 6: 4. Адзначым, што ў чацвёртым сэце Рафаэль адыграў чатыры матчбола.
У актыве Роджэра Федэрэра ужо восем тытулаў на Уімблдоне, Новак Джокавіч быў лепшым чатыры разы. Пры гэтым яны двойчы гулялі ў фінале, і кожны раз перамагаў серб. Фінальны паядынак пройдзе ў нядзелю.
Грызман перайшоў у «Барсу»
Французскі форвард Антуан Грызманн перайшоў у іспанскую „Барселону”. Адзін з вядучых нападнікаў Еўропы раней абараняў колеры мадрыдскага „Атлетыка”, якому каталонцы заплацілі 120 млн еўра. Кантракт з „Барселонай” Антуан Грызман заключыў на пяць гадоў з магчымасцю выкупу гульца за 800 млн еўра. Ранейшы клуб форварда са сталіцы Іспаніі мае намер спагнаць у судовым парадку з „Барселоны” яшчэ 80 млн еўра. У „Атлетыка” сцвярджаюць, што перамовы з Грызманам прайшлі да 1 ліпеня і пагадненне з гульцом было падпісана раней.
Беларускае Радыё Рацыя