Кастусь Каліноўскі на паштоўках



Імя нашага нацыянальнага героя, правадыра паўстання на Беларусі ў 1863-1864 гадах Кастуся Каліноўскага (1838-1864) – адно з самых вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў свеце. А ў апошнія гады Кастусь Каліноўскі амаль штодзённа з’яўляецца на старонках беларускіх і замежных СМІ. Тым больш, што два гады таму, парэшткі нашага героя былі знойдзены ў Вільні. А цяпер, дзеля праверкі коду ДНК, у Свіслачы адбываецца эксгумацыя роднага брата Кастуся Каліноўскага Віктара Каліноўскага (1833-1862).

Вобраз Кастуся Каліноўскага шырока адлюстраваны ў беларускай літаратуры і мастацтве. Пра яго напісана шмат кніг, карцін, п’ес, створаныя фільмы і радыёперадачы. Вобраз Кастуся Каліноўскага, хоць рэдка, але трапляў і на беларускія паштоўкі.

Пасля Другой сусветнай вайны першая паштоўка, якая была прысвечана нашаму нацыянальнаму героя, з’явілася ў 1948 годзе ў Нямеччыне. Паштоўку падрыхтавала і выпусціла згуртаванне беларускіх скаўтаў на чужыне. На ёй адлюстраваны партрэт Кастуся Каліноўскага і тэкст на латыні: “Ваюй, Народзе, за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную”. Пасля быў вялікі перапынак і Кастусь Каліноўскі не паштоўках не з’яўляўся. І толькі дзякуючы мастаку, калекцыянеру і грамадскаму дзеячу Анатолю Беламу свет пабачыла паштоўка з партрэтам Кастуся Каліноўскага, гадамі яго жыцця і словамі: “Каго любіш – люблю Беларусь!”. Гады выпуску паштоўкі не пазначаны.

Беларускія пісьменнікі не заставаліся ніколі ўбаку ад слыннага сына нашай Бацькаўшчыны. У сакавіку 1988 года ў Менску ў Доме літаратара яны наладзілі вялікую вечарыну, прысвечаную 150-годдзю з дня нараджэнння Каліноўскага. Вечарыну адкрываў і вёў Ніл Гілевіч. Да гэтай нагоды было выпушчана прыгожае запрашэнне ў выглядзе паштоўкі на чатырох старонках. У 2007 годзе да фэсту памяці герояў паўстання 1863-1864 гадоў была надрукавана паштоўка з выявамі Каліноўскага, паўстанцаў і словам “Свіслач”. На адваротным баку паштоўкі тэксту няма, а толькі намаляваны вялікі крыж. Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны да 150-годдзя паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага выпусціла ў 2013 годзе прыгожую паштоўку. З адваротнага боку паштоўкі напісаны пароль каліноўцаў: “Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна!”. А таксама тэкст ад ТБМ у Магілёве: “Гэтыя словы гучалі паролем для каліноўцаў, якія падняліся ў 1863 годзе, каб Беларусь была вольнай. 95 гадоў таму 25 сакавіка была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Менавіта, дзякуючы каліноўцам, дзякуючы стварэнню БНР, сёння існуе незалежная Беларусь. Жадаем моцы і гонару любіць Беларусь, ганарыцца ёй, шанаваць і ўзбагачаць нашу мову і культуру!”.

РУП “Белпошта” таксама адгукнулася на ўшанаванне славутага сына нашай Бацькаўшчыны. У 2013 годзе Белпошта выпусціла паштоўку, прысвечаную 175-годдзю Кастуся Каліноўскага. Паштоўку аформіў мастак М.Рыжы і наклад яе быў 30 тысяч асобнікаў. На паштоўцы намаляваны Кастусь з паўстанцамі і партрэт кіраўніка справа ўверсе на месцы паштовай маркі. Дзве арыгінальныя паштоўкі распрацавала і выпусціла Баранавіцкая Рада ТБМ. Адна паштоўка прысвечана 150-годдзю паўстання і Мілавідскай бітве, а другая – 175-годдзю з дня нараджэння героя.

У межах кампанію “Kalinouski2019” у Гародні з’явілася некалькі цікавых паштовак ад мастака Яна Мяльніцкага. Усе яны прысвечаны і Кастусю Каліноўскаму, і паўстанню пад яго кіраўніцтвам.

Магчыма, у Беларусі выдаваліся яшчэ падобныя паштоўкі. Але, пералічаныя вышэй, толькі з маёй асабістай калекцыі.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя