„Белавія” адкрыла рэгулярныя рэйсы ў Мюнхен



15 ліпеня „Белавія” адкрыла рэгулярныя рэйсы ў Мюнхен.

Як паведамілі ў кампаніі, на першы рэйс да Мюнхена купілі квіткі 75 пасажыраў, назад у Менск — 82.

Палёты будуць ажыццяўляцца чатыры разы на тыдзень: па панядзелках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях з вылетам з Менска ў 12.30 і прыбыццём у міжнародны аэрапорт Мюнхен імя Франца-Ёзефа Штрауса ў 13.35. Зваротны рэйс з Мюнхена ў 14.15 (па мясцовым часе) па панядзелках, чацвяргах, пятніцах і нядзелях з прыбыццём у нацыянальны аэрапорт Менск у 17.15.

„Адкрыццё рэйса ў Мюнхен стала сапраўды знакавай падзеяй, да якой мы рыхтаваліся на працягу некалькіх гадоў, — цытуе прэс-служба генеральнага дырэктара ААТ „Авіякампанія „Белавія” Анатоля Гусарава. — Авіяцыйныя ўлады Беларусі і Германіі вясной гэтага года дасягнулі пагаднення аб павелічэнні частаты і маршрутаў палётаў для авіяперавозчыкаў дзвюх дзяржаў. Дзякуючы гэтаму рашэнню „Белавія” змагла дадаць гэты новы напрамак у сваю маршрутную сетку”.

„Мы разлічваем, што нашы краіны стануць бліжэйшымі ва ўсіх адносінах: для развіцця дзелавых кантактаў, міжкультурнага дыялогу, умацавання гандлёва-эканамічных узаемаадносін. Для нашых гасцей аэрапорт Менска можа стаць зручным міжнародным вузлавым портам для палётаў у іншыя краіны. Расклад палётаў складзены так, каб пасажыры маглі камфортна ажыццявіць перасадку на рэйсы, якія іх цікавяць. Таксама беларусы змогуць пазнаёміцца з культурай аднаго з самых цікавых гарадоў Еўропы, што будзе спрыяць культурнай інтэграцыі Менска і Мюнхена”, — адзначыў Гусараў.

„Мы з радасцю сустракаем авіякампанію „Белавія” ў міжнародным аэрапорце Мюнхена. Гэты маршрут ужо даўно запатрабаваны, бо Менск заўсёды быў адным з самых папулярных кірункаў у Мюнхене”, — адзначыў у сваю чаргу гендырэктар аэрапорта Мюнхен Міхаэль Керклох, паведамляе прэс-служба „Белавія”.

Палёты ў Мюнхен ажыццяўляюцца на паветраных суднах Embraer-175. Час у дарозе складае каля дзвюх гадзін.

Кошт авіябілетаў у адзін бок складае ад 115 еўра, туды-назад — ад 255 еўра.

Міжнародны аэрапорт Мюнхен стаў чацвёртым аэрапортам у Германіі ў маршрутнай сетцы авіякампаніі „Белавія”. На гэты момант беларускі перавозчык выконвае рэгулярныя рэйсы ў аэрапорты Берліна, Франкфурта і Гановера.

belapan.by