Лукашэнка зробіць рабочы візіт у Расею 17—18 ліпеня



Аляксандр Лукашэнка 17—18 ліпеня зробіць рабочы візіт у Расейскую Федэрацыю, паведаміла яго прэс-служба.

18 ліпеня разам з Уладзімірам Пуціным ён возьме ўдзел у пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пройдзе ў Санкт-Пецярбургу. „Акрамя таго, запланаваны час для двухбаковых перамоў кіраўнікоў дзяржаў”, — адзначае прэс-служба. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расеяй. Бакі таксама абмяркуюць узаемадзеянне ў рамках Саюзнай дзяржавы, адзначыла прэс-служба.

Паведамляецца таксама, што 17 ліпеня прэзідэнты правядуць нефармальную сустрэчу.

9 ліпеня на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам у Менску Лукашэнка заявіў, што ў Саюзнай дзяржаве назапасілася „куча пытанняў, якія не вырашаюцца”. У якасці прыкладу ён прывёў доступ да дзяржзаказаў. „Усе павінны быць у роўных умовах — і прадпрыемствы Расеі, і Беларусі”, — сказаў Лукашэнка. „І мы дамовіліся, што, вырашаючы стратэгічныя пытанні, мы паралельна будзем вырашаць і пытанні тактычнага характару, якія ляжаць на паверхні і крычаць. Таму што без вырашэння гэтых пытанняў і размаўляць няма пра што, з нашага боку. Гэта значыць маса праблем”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён заклікаў Рапоту трымаць гэтыя пытанні пад кантролем і ўдзельнічаць у перамовах як кіраўніку апарату Саюзнай дзяржавы. „Я гэта кажу да таго, што ўжо прайшло столькі перамоў, і вось мне сёння дакладваюць… Адны абяцанні, — сказаў Лукашэнка. — Перамоўная група наткнулася на нейкае пытанне — урад Расеі абяцае даць, у тым ліку прэм’ер Мядзведзеў, усе каманды, распараджэнні, каб у комплексе вырашаць пытанні. Таму што вызначана тактыка вядзення перамоў: паабяцалі — забыліся, другі раз паабяцалі — забыліся. Гэта значыць ідзе незразумелае тармажэнне гэтых працэсаў”. Ён растлумачыў, чаму публічна загаварыў пра праблемы: „Ужо заўтра нам сустракацца з прэзідэнтам Пуціным у Піцеры. І абмяркоўваць вынікі гэтых перамоў. А абмяркоўваць няма чаго на сённяшні дзень. Таму я б папрасіў вас узяць гэта пад кантроль і ініцыяваць, паставіць жорстка пытанне перад расійскім бокам аб тым, што мы павінны ўжо літаральна за некалькі дзён выйсці на нейкія вынікі. Каб мы маглі выпрацаваць парадак дня і абмяркоўваць гэтыя пытанні з прэзідэнтам Пуціным 17—18 ліпеня ў Піцеры. Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, ні пра што не гаворачы, — напэўна, гэты час ужо сышоў”.

Папярэдні V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі праходзіў 10—12 кастрычніка 2018 года ў Магілёве. У ім прыняло ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек. Было падпісана 76 новых рэгіянальных пагадненняў. У рамках форуму адбылася сустрэча Лукашэнкі з Пуціным.

belapan.by