Пра беларускіх чыноўнікаў і Інтэрнэт



Беларускія чыноўнікі засвойваюць Фэйсбук. Раней афіцыйныя прафсаюзы разаслалі просьбы, каб сябры перапошчвалі і ставілі лайкі навінам з афіцыйнай старонкі. Цяпер Міністэрства аховы здароўя спрабуе інтэрактыўнічаць з грамадзянамі. Такое адчуванне, што Марк Цукерберг майстар-клас для беларускіх чыноўнікаў правёў, што тыя так актыўнічаюць у Фэйсбуку. Чыноўнікі з Міністэрства аховы здароўя могуць радавацца і падлічваць лайкі. Яны размясцілі такое паведамленне, што атрымалі больш за 80 лайкаў, яшчэ больш каментароў, больш за 75 перапостаў. Вось яны якія блогеры з Міністэрства аховы здароўя. Калі б яшчэ штосьці пазітыўнае і карыснае размясцілі – цаны б ім не было. А так Міністэрства звярнулася да карыстальнікаў з просьбай дасылаць у Фэйсбук чэкі на лекі, якія за мяжой каштуюць танней. У адказ у каментарах людзі параілі чыноўнікаў з Міністэрства пагугліць цэны ў іншых краінах. А ўвогуле нагадвае, як у рэкламе: знойдзеце танней, мы вернем грошы. Толькі Міністэрства аховы здароўя, на жаль, вяртаць нічога не збіраецца.

Усё пазнаецца ў параўнанні. Чыноўнікі з Міністэрства аховы здароўя са сваімі просьбамі выглядаюць вельмі мілымі і прыстойнымі людзі, калі даведацца, як могуць размаўляць у іншых міністэрствах. Прэс-сакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі на просьбу даць каментар на дзеянні намесніка міністра, які размясціў у Інстаграм сваё фота ў цішотцы з надпісам Russia, проста абмацярыла журналіста. У параўнанні з ёй у Міністэрстве аховы здароўя проста людзі з выхаваннем англійскай каралевы працуюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ