21 ліпеня – парламенцкія выбары ва Украіне: даныя сацыёлагаў



Лідарам электаральных сімпатый украінцаў застаецца партыя „Слуга народу”. Пра гэта сведчаць даныя апытання Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялогіі, якія апублікаваныя 15 ліпеня.

52,3% рэспандэнтаў з тых, хто вызначыўся з выбарам, прагаласавалі б за партыю „Слуга народу”, 10,3% – за партыю „Апазіцыйная платформа – „За жыццё”, 7,9% – за партыю „Еўрапейская салідарнасць” (гэта партыя былога прэзідэнта Пятра Парашэнкі), 5,8% – за „Батьківщину” (яе лідар па-ранейшаму Юлія Цімашэнка), 5,1% – за партыю „Сіла і гонар” былога начальніка Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны, экс-старшыні СБУ Ігара Смяшко

Партыя „Голас” музыканта Святаслава Вакарчука не адольвае праходны бар’ер і набірае 4% галасоў рэспандэнтаў. 3% прагаласавалі б за партыю „Апазіцыйны блок”, 2,5% – за партыю „Грамадзянская пазіцыя”, 2,4% – за Радыкальную партыю Алега Ляшко.

Апытанне правялі з 3 па 13 ліпеня сярод 2004 рэспандэнтаў старэйшых 18 гадоў шляхам асабістага інтэрв’ю. Статыстычная пагрэшнасць выбаркі (з верагоднасцю 0,95) не перавышае 3,3% для паказнікаў, блізкіх да 50%; 2,8% – для паказнікаў, блізкіх да 25%; 2,0% – для паказнікаў, блізкіх да 10%; 1,4% – для паказнікаў, блізкіх да 5%.

Напомнім, што 21 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвесціў пра роспуск Вярхоўнай Рады 8-га склікання і прызначэнні пазачарговых парламенцкіх выбараў на 21 ліпеня.

З 24 траўня ва Украіне пачаўся выбарчы працэс.

Выбары пройдуць па дзейсным выбарчым заканадаўстве, якое змяшчае змешаную сістэму (палова дэпутатаў абіраецца паводле прапарцыйнай сістэмы, другая палова – паводле мажарытарнай). Паводле заканадаўства ва Украіне закрытыя партыйныя спісы і 5-працэнтавы праходны бар’ер.

Украінцы абяруць 225 дэпутатаў па спісах і 199 у мажарытарных акругах (26 акругаў знаходзяцца на акупаванай Расеяй тэрыторыі, там выбары не пройдуць).

Беларускае Радыё Рацыя