Распрацоўкай генпланаў гарадоў-спадарожнікаў Менска будзе займацца Менаблвыканкам
Распрацоўкай генеральных планаў гарадоў — спадарожнікаў беларускай сталіцы будзе займацца Менскі аблвыканкам. Гэта прадугледжана ўказам № 267, які 16 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Дакумент прыняты ў мэтах далейшага развіцця Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Фаніпаля, Смалявічаў і Рудзенска. Гэтыя населеныя пункты размешчаны на тэрыторыі Менскай вобласці, таму адказнасць за распрацоўку іх генеральных планаў замацаваная за Менаблвыканкамам, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Указам таксама вызначаны механізм накіравання бюджэтных сродкаў Менска на будаўніцтва жылля, аб’ектаў сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры ў гарадах-спадарожніках.
Аб’ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы будуць штогод скарачацца, а асноўны акцэнт будзе рабіцца на развіцці гарадоў-спадарожнікаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка, прымаючы з дакладам старшыню Менгарвыканкама Анатоля Сівака.
„Вы памятаеце, у старыя добрыя часы мы прынялі канцэпцыю будучай забудовы і прывядзення ў парадак будаўніцтва ў Менску. І дамовіліся аб тым, што паволі, наколькі атрымаецца, будзем згортваць будаўніцтва ў Менску і выносіць яго ў гарады-спадарожнікі, каб не паўтарыць сумны лёс роднасных нам гарадоў. Вазьміце Кіеў, Піцер, я ўжо не кажу пра Маскву, калі працоўныя рэсурсы сцягваюцца ў адно месца. Менск — не гумовы. Ведаю, як менчане гэта ўспрынялі. Яны падтрымліваюць такую тэндэнцыю”, — сказаў Лукашэнка падчас сустрэчы з Сіваком.
Паводле яго слоў, гарады-спадарожнікі вызначаны і размешчаны недалёка. „Галоўнае, каб была транспартная сувязь і працоўныя месцы”, — падкрэсліў афіцыйны лідар.
Гарадамі — спадарожнікамі Менска вызначаны: прамысловыя гарады Дзяржынск, Жодзіна і Фаніпаль; аграпрамысловыя — Смалявічы, Стоўбцы, Узда, Рудзенск; турысцка-рэкрэацыйныя — Заслаўе і Лагойск. Горадам — спадарожнікам Гародні з’яўляецца Скідаль, Берасця — Жабінка.
belapan.by
Фота realty.tut.by