У Беларусі буйныя крамы абавязалі прадаваць ваду ў шкляных бутэльках
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) ўнесла змены ў асартыментны спіс тавараў, якія падлягаюць да ўключэння ў асартымент, паведамляе агенцтва „Мінск-Навіны” са спасылкай на партал МАРГ.
Сярод асноўных змяненняў у пастанове ведамства – абавязак крам плошчай ад 200 да 1 000 кв. м мець у асартыменце не менш двух відаў мінеральнай і пітной вады ў шкляной тары. А больш буйным крамам – не менш за тры.
Для невялікіх гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку на заправачных станцыях, абавязковы асартымент, наадварот, моцна скарацілі. Зменшана колькасць разнавіднасцяў тавараў па 30 пазіцыях, выключаны 27 таварных пазіцый. Таксама зменены тэрміны сезоннасці для ўсіх гандлёвых аб’ектаў: да прыкладу, скарочана колькасць найменняў свежых яблыкаў, якія будуць прадавацца са жніўня па май.
Пастанова МАРГ уступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.