Беларусь і Бельгія згулялі ўнічыю



Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі на траве згуляла ўнічыю 1: 1 з Бельгіяй на чэмпіянаце Еўропы да 21 года ў іспанскай Валенсіі. Бельгійкі выйшлі наперад пад заслону другога перыяду сустрэчы – 1: 0. Зрабіць лік роўным беларускі здолелі пасля розыгрышу штрафнога кутнага на зыходзе матчу. Дакладным кідком на 60-й хвіліне адзначылася гулец ХК „Менск” Карына Мігунова. Раней каманда пад кіраўніцтвам Паўла Габрынеўскага саступіла немкам – 1: 4, а трэці матч у групе В правядзе 18 ліпеня з Англіяй. Паядынак стане вызначальным у барацьбе за выхад у наступны раўнд турніру.

Ігнацік вяртаецца ў зборную

Капітан зборнай Беларусі ў Кубку Дэвіса Ігар Ціхонка праінфармаваў, што вярнуў у каманду Уладзіміра Ігнаціка. Раней трэцяя ракетка Беларусі доўгі час ігнараваў выклікі ў зборную з-за канфлікту з ранейшым капітанам Уладзімірам Валчковым. „Ужо атрымалі згоду Ігнаціка. Ён атрымаў выклік, прыедзе і будзе рыхтавацца да матчу з партугальцамі. Усе беларусы плануюць прыехаць у размяшчэнне каманды пасля „US Open”, пасля заканчэння выступаў”, – заявіў Ціхонка ў праграме „Спорт-кадр” на канале „Беларусь 5”.

БАТЭ супраць пяста – матч у адказ Лігі чэмпіёнаў

Галоўны трэнер „Пяста” Вальдэмар Фарналік падзяліўся чаканнямі ад матчу ў адказ 1-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў з БАТЭ.

„Думаю, супернік будзе змагацца яшчэ мацней, чым гэта было ў Барысаве. Шанцы 50 на 50, але БАТЭ ўсё яшчэ фаварыт супрацьстаяння. У беларускага клуба вялікі досвед удзелу ў такіх матчах. І барысаўчане не раз выходзілі з падобных паядынкаў пераможцамі”, – цытуе Фарналіка Rzeczpospolita.

Галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага на прэс-канферэнцыі адзначыў, што ў Барысаве яго каманда не згуляла ў сваю сілу. – Мы валодаем вялікім вопытам такіх матчаў, не раз былі ў падобных сітуацыях. „Пяст” жа дзякуючы забітаму ў Барысаве голу, мае невялікую перавагу. Але яўнага фаварыта няма. Не выклікае сумневаў толькі тое, што гульня будзе цяжкай, дадаў Аляксей Бага. У сённяшнім паядынку барысаўскай камандзе не змогуць дапамагчы некалькі гульцоў асноўнага складу – траўмаваныя форварды Антон Сарока, Боян Дубаіч, абаронца Ягор Філіпенка, а таксама дыскваліфікаваны паўабаронца Станіслаў Драгун. Гульня ў адказ 1-га кваліфікацыйнага раўнда на поле гарадскога стадыёна ў Глівіцэ пачнецца ў 21.00 па беларускім часе. Першая сустрэча, якая адбылася 10 ліпеня на полі „Барысаў-Арэны”, завяршылася ўнічыю – 1: 1.

Дудар перайшоў у «Нёман»

Былы брамнік „Гомеля” Дзмітрый Дудар падпісаў кантракт з „Нёманам”. Пагадненне разлічана на паўтара гады. Дудар у вышэйшай лізе правёў 88 матчаў, у якіх прапусціў 115 мячоў і зарабіў 5 папярэджанняў. У 26 матчах пакінуў сваю браму ў недатыкальнасці. Тым часам абаронца Дзмітрый Барысаў пакінуў „Нёман”. Дамова была спынена па згодзе бакоў. Выхаванец наваполацкага футбола падпісаў кантракт з клубам у пачатку гэтага сезону і згуляў за „жоўта-зялёных” у першых двух турах чэмпіянату супраць „Гомеля” і „Шахцёра”. Абаронца правёў на полі 180 хвілін і зарабіў адну жоўтую картку. Пасля буйной паразы ад салігорскай каманды за асноўны склад „Нёмана” больш ён не выступаў, працягнуўшы гуляць у чэмпіянаце дублюючых складаў. За дубль Барысаў згуляў 11 матчаў, аддаў галявы пас і зарабіў адно папярэджанне, адзначае прэс-служба „Нёмана”.

„Барселона” не губляе надзей вярнуць Неймара

„Барселона” працягвае працу над вяртаннем з „ПСЖ” нападніка Неймара. Клубы вядуць перамовы, але не наўпрост, а праз пасярэднікаў.

Парыжанам прапанавалі адпусціць бразільца ў абмен на Усмана Дэмбеле, Філіпэ Коўціньё і 40 мільёнаў еўра, гаворыцца ў матэрыяле журналіста AS з Барселоны Санці Хіменэса. Гэтая прапанова сіне-гранатавых не задавальняе „ПСЖ”. Прэзідэнт клуба Насер Аль-Хелайфі хоча атрымаць за Неймара прыкладна тыя ж грошы, што клуб выдаткаваў на яго набыццё летам 2017 году – 222 мільёна еўра. Ён не збіраецца разглядаць прапановы ніжэй за 300 мільёнаў. А гэтая сума ў цяперашні час з’яўляецца непад’ёмнай для каталонцаў.

Зяленскі хоча правесці ва Украіне Алімпіяду

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што за 3-4 гады ў краіне магчыма пабудаваць усе аб’екты, неабходныя для правядзення Алімпійскіх гульняў. Адпаведную задачу Зяленскі паставіў у час размовы з міністрам моладзі і спорту Ігарам Жданавым і прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Украіны Сяргеем Бубкай, паведамляе УНІАН. Са свайго боку, Бубка адзначыў, што бліжэйшыя Алімпійскія гульні, на правядзенне якіх Украіна можа падаваць заяўку, – гэта зімовая Алімпіяда ў 2030 годзе ці летняя – у 2032 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя