Лукашэнка накіраваўся ў Расею
Аляксандр Лукашэнка 17 ліпеня накіраваўся з рабочым візітам у Расейскую Федэрацыю. Ён возьме ўдзел у пленарным пасяджэнні форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, а таксама правядзе нефармальную сустрэчу з Уладзімірам Пуціным, паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта.
„У Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка разам з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 18 ліпеня возьме ўдзел у пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Акрамя таго, запланаваны час для двухбаковых перамоў кіраўнікоў дзяржаў. У цэнтры ўвагі будуць пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расеяй. Бакі таксама абмяркуюць узаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы”, — гаворыцца ў паведамленні.
Сёння прэзідэнты правядуць нефармальную сустрэчу. Месца сустрэчы прэс-служба Лукашэнкі не пазначае. Між тым два дні таму прэс-служба Крамля паведаміла, 17 ліпеня прэзідэнты Беларусі і Расеі наведаюць Спаса-Праабражэнскі Валаамскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр.
Тэма перамоваў падымалася 9 ліпеня на сустрэчы Лукашэнкі з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам у Менску.
Беларускі кіраўнік адзначыў, што ў Саюзнай дзяржаве сабралася „куча пытанняў, якія не вырашаюцца”. У якасці прыкладу ён прывёў доступ да дзяржзамоваў. „Усе павінны быць у роўных умовах — і прадпрыемствы Расеі, і Беларусі. І мы дамовіліся, што, вырашаючы стратэгічныя пытанні, мы паралельна будзем вырашаць і пытанні тактычнага характару, якія ляжаць на паверхні і крычаць. Таму што без вырашэння гэтых пытанняў і размаўляць няма пра што, з нашага боку. То бок маса праблем”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён заклікаў Рапоту трымаць гэтыя пытанні пад кантролем і ўдзельнічаць у маючых адбыцца перамовах у статусе кіраўніка апарата Саюзнай дзяржавы. „Я гэта кажу да таго, што ўжо прайшло столькі перамоваў, і вось мне сёння дакладваюць — адны абяцанні. Перамоўная група (па пытаннях інтэграцыі. — БелаПАН.) натыкнулася на нейкае пытанне. Урад Расіі абяцае даць, у тым ліку прэм’ер Мядзведзеў, усе каманды, распараджэнні, каб у комплексе вырашаць пытанні, таму што вызначаная тактыка вядзення перамоваў. Паабяцалі — забыліся, другі раз паабяцалі — забыліся. Гэта значыць, ідзе незразумелае тармажэнне гэтых працэсаў”, — сказаў Лукашэнка.
„Ужо заўтра нам сустракацца з прэзідэнтам Пуціным у Піцеры і абмяркоўваць вынікі гэтых перамоваў, — працягнуў ён. — А абмяркоўваць няма чаго на сённяшні дзень. Таму я б папрасіў вас узяць гэта пад кантроль і ініцыяваць, паставіць жорстка пытанне перад расійскім бокам аб тым, што мы павінны ўжо літаральна за некалькі дзён выйсці на нейкія вынікі. Каб мы маглі выпрацаваць парадак дня і абмяркоўваць гэтыя пытанні з прэзідэнтам Пуціным 17—18 ліпеня ў Піцеры. Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, ні пра што не кажучы, — напэўна, гэты час ужо прайшоў”.
Паводле прагнозаў экспертаў, пасля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна выразнасці ў пытаннях інтэграцыі не дадасца. „Хутчэй за ўсё, поспехі інтэграцыйных парываў у выглядзе дзясятка дарожных карт па збліжэнні канкрэтных палітык будуць паказаныя ў лістападзе — да юбілею Саюзнай дзяржавы і да выбарчай кампаніі ў Беларусі”, — гаворыцца ў аналітычным аглядзе „Мінскі барометр”, які падрыхтаваны Саветам па знешняй палітыцы „Менскі дыялог” і апублікаваны 16 ліпеня.
Аналітыкі падкрэсліваюць, што як толькі роля Беларусі ў транзіце расейскай нафты скарацілася з-за сітуацыі з яе забруджваннем, з расейскага боку „амбіцыі і чаканні ад „паглыблення інтэграцыі” зменшыліся да рэалістычных”.
Адзначаецца таксама, што ў маі-чэрвені канфрантацыйнасць у адносінах Менска і Масквы прыкметна знізілася, „нават нягледзячы на ўздзеянне такой сур’ёзнай крыніцы напружання, як аварыя на нафтаправодзе „Дружба”. Аўтары агляду звязваюць гэта ў тым ліку з прызначэннем новага пасла РФ у Беларусі. Як вядома, у ранейшага пасла Міхаіла Бабіча адносіны з афіцыйным Менскам не склаліся.