Вольга Русілка адзначае юбілей
Паэтка, педагог, кандыдат філалагічных навук, былая “узлётаўка” Белдзяржуніверсітэта Вольга Русілка 17 ліпеня адзначае свой юбілей.
Нарадзілася Вольга ў вёсцы Бершты на Шчучыншчыне. Бацькі будучай паэткі выхоўвалі ў дзяўчынцы такія якасці, як чуллівасць, спагадлівасць, пяшчотнасць. Прыгажосць жа мясцовых краявідаў, мілагучнасць роднага слова і гасціннасць землякоў, трывала замацаваліся ў памяці пісьменніцы і знайшлі адбітак у яе творчасці. Паэтычны дар Вольга Русілка атрымала ў спадчыну ад сваёй маці Любові Мікалаеўны, філолага па адукацыі, якая моцна захаплялася паэзіяй і навучыла дачку выражаць свае думкі і пачуцці пры дапамозе рыфмаванага радка. Першая проба пяра адбылася яшчэ падчас вучобы ў школе, калі ў 1973 годзе шчучынская раённая газета “Савецкая вёска” змясціла на сваіх старонках вершы школьніцы Олі Русілка “Кветкі” і “Восень”.
Скончыўшы ў 1976 годзе сярэднюю школу, Вольга паступіла ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на філалагічны факультэт, які закончыла ў 1981 годзе з адзнакай. У студэнцкія гады Вольга Русілка працягвала займацца любімай справай – служэннем паэзіі: была сябрам універсітэцкага літаб’яднання “Узлёт”, кіраўніком якога быў прафесар Алег Лойка, друкавалася ў калектыўным зборніку “Вёсны”.
Працоўную біяграфію спадарыня Вольга пачала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Віцебску. Завочна ў 1981 годзе паступіла ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Рэспублікі Беларусь, якую скончыла праз чатыры гады. З 1985 года яна – на выкладчыцкай працы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава. У 1987 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму “Праблемы развіцця сучаснай беларускай лірыкі”. Праз пяць год атрымала навуковую ступень дацэнта і ўзначаліла кафедру беларускай літаратуры віцебскай альма-матэр.
Вольга Русілка – аўтар каля 100 навуковых, літаратурна-крытычных і метадычных публікацый па праблемах беларускай паэзіі і яе вывучэння ў школе, сярод якіх і падручнікі для школьнікаў. Яна напісала і выдала некалькі зборнікаў вершаў. У адным з іх паэтка напісала:
Беражы мяне, Божа, ад чорнай, гранітнай Цяжкай пацеркі неперажытай слязы… Светлы Божа! Малю Цябе гэтай малітвай, Тых, хто мне дарагі, назаўжды зберажы!
Няхай Вас, спадарыня Вольга, беражэ Бог і надалей. Са слаўным Вас юбілеем!
Беларускае Радыё Рацыя