Пра грошы з паветра



У нашай краіне каго толькі не абдзіралі, як ліпку: і аўтамабілістаў, і беспрацоўных, і нават паломнікаў. Аўтамабілісты з дармаедамі ўжо пратэставалі. Цяпер дайшла чарга і да вернікаў. А ўся справа ў тым, што іхнія паломніцтвы цяпер лічацца масавымі мерапрыемствамі. І ўсё б нічога, але праблема ў тым, што за масавае мерапрыемства цяпер трэба выкласці кругленькую суму, якая пойдзе на міліцэйскую ахову, паслугі ЖКГ і медыкаў. Сапраўды, як жа гэта паломнікі могуць без міліцыі хадзіць. А раптам на іх хто нападзе, камусьці стане кепска і яны забудуць узяць з сабой пакункі для смецця. У такім разе да іх, як той Капітан Амерыка, прыйдуць на дапамогу міліцыя, медыкі і супрацоўнікі ЖКГ. Толькі дапамогу гэтую акажуць зусім небясплатна. Цяпер у беларускую Канстытуцыю ў артыкул 35 можна ўносіць праўкі, што свабода мірных сходаў гарантуецца ўладай, аднак за яе трэба заплаціць.

Гэта толькі ў фільмах дапамогуць бескаштоўна. А ў беларускай рэальнасці каштуе 25 базавых велічыняў, калі ў паломніцтва вырашыць пайсці ад 11 да 100 чалавек. А калі болей, то паслугі міліцыянтаў, медыкаў і ЖКГ каштуюць яшчэ даражэй: 150 базавых, альбо трошкі болей за 3800 беларускіх рублёў. Ну, а калі паломнікаў назбіраецца больш за 1000 чалавек, то заплаціць давядзецца ўвогуле больш за 25 тысячаў рублёў. Карацей, Папе Рымскаму лепей у Беларусь не прыязджаць, бо арганізатарам давядзецца шмат плаціць за ахову ды дапамогу медыкаў і супрацоўнікаў ЖКГ.

У гэтым годзе паломнікі адмянілі пешае паломніцтва з Віцебска ў Полацк, паколькі занадта вялікія грошы трэба заплаціць за масавае мерапрыемства. Па выніку – вернікі збіраюць подпісы, каб іх вызвалілі ад аплаты за паломніцтва. Хочацца верыць, у светлую будучыню, аднак штосьці падказвае, што будуць паломнікі, як і дармаеды, плаціць за сваё месца пад сонцам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ