Аляксей Янукевіч: Ні культурнай еднасці, ні эканамічнай супрацы



Чарговыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна з аднаго боку дэманструюць усю бессэнсоўнасць спробаў інтэграцыі, прынамсі па той мадэлі, якая закладалася яшчэ ў 90-я гады.

Фота: knia.ru

Але пры гэтым па-ранейшаму нясуць у сабе небяспеку для беларускай незалежнасці, — сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, каментуючы перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў праваслаўным манастыры на выспе Ваалам, а пасля ў Санкт-Пецярбурзе.

– Псеўда-духоўнасць, праваслаўная культура – гэта, напэўна, адзінае, на чым яшчэ можна спрабаваць будаваць інтэграцыю, таму што нічога агульнага паміж Беларуссю і Расеяй няма. І гэта робіцца ўсё больш відавочна. Ніколі не было культурнай еднасці, як бы штучна яе не ляпілі, і зараз мы бачым, асабліва ў апошні год, што і ніякай эканамічнай ні супрацы, ні інтэграцыі няма, увесь час ідзе забарона экспарту беларускіх тавараў у Расею, нягледзячы на нібыта адсутнасць межаў, мытні і ўсяго астатняга.

Але па-ранейшаму бачна, што Крэмль імкнецца нейкім чынам нібыта аб’яднаць гэтыя розныя краіны. А фактычна паглынуць, захапіць Беларусь, — лічыць Аляксей Янукевіч. Але беларускае грамадства здольнае абараніць незалежнасць краіны. Дзеля гэтага трэба вельмі сур’ёзна ўспрымаць існуючыя пагрозы і належным чынам на іх рэагаваць, — падкрэслівае беларускі палітык.

Беларускае Радыё Рацыя