Лідка Пякарская: Гэта будзе сапраўднае свята беларускай музычнай сцэны



У нашай студыі шматгадовы арганізатар фестывалю „Басовішча” Лідка Пякарская. Пра „Басовішча-2019”, якое пачынаецца ў пятніцу, 19 ліпеня, з ёй пагутарыла Мілана Вераснёва.

 

РР: Першае пытанне, якія гурты будуць выступаць і чаму менавіта такі выбар?

Лідка Пякарская: З такіх гуртоў, якія паводле нас, мусілі выступіць на „Басовішчы”, гэта, вядома, Volski, „Крама”, якія, думаю, асноўныя на беларускай музычнай сцэне. Будуць BN, Naviband. З беластоцкай сцэны будзе Ilo&Friends, гэты гурт заўсёды рыхтуе цікавую новую праграму на „Басовішча”, новы малады гурт KRENA, які адмыслова падрыхтаваў больш песень па-беларуску. Можа пасля „Басовішча” яны захочуць граць па-беларуску. Хто ведае. Маем такую надзею. Будзе таксама BEZ.NOT, які яшчэ не быў на „Басовішчы”. Будуць Dzieciuki, я думаю, такі сімвал таго, чаму „Басовішча” паўставала. Можна сказаць, партызаны беларускай музычнай сцэны. Будзе „Зьніч”. Гэта будзе сапраўднае свята беларускай музычнай сцэны.

РР: Раскажы, калі ласка, пра спадарожныя мерапрыемствы.

Лідка Пякарская: Акрамя канцэртаў у пятніцу і суботу будуць адбывацца дадатковыя падзеі. І галоўныя дадатковыя падзеі адбудуцца ў суботу, 20 ліпеня, у другі дзень фестывалю. У 12.00 можна будзе паглядзець фільм у нашым кіназале „Гавораць беларусы Падляшша”, рэжысёрам якога з’яўляецца Мікола Ваўранюк. А таксама дакументальны фільм пра „Басовішча”, які некалькі гадоў таму здымала група з Нямеччыны. Таму, думаю, варта прыйсці, паглядзець тыя фільмы. І пра маладых беларусаў, якія нешта акрамя „Басовішча” рабілі. І таксама пра само „Басовішча”. І пра тое, як яго бачылі асобы, якія ўвогуле не звязаныя з фестывалем, не звязаны з беларускасцю. І яшчэ потым у 15.00, у гэтым самым месцы, у кіназале на „БАСмежжы”, адбудзецца беларуская інтэлектуальная гульня, якую рыхтуе група з Беларусі. Маем вельмі шмат ахвотных, таму, думаю, таксама будзе вельмі цікава. І думаю, самая важная дадатковая падзея ў суботу – у 17.00 на БАСмежжы” адбудзецца дыскусія пад назвай „Дыхаць чыстым паветрам. Гісторыя Басовічша”, якую будзе весці Мікола Ваўранюк. Будзем гаварыць пра тое, як „Басовішча” ўзнікала, чаму яно ўзьнікла, якія былі першыя „Басовішчы”, якая была музыка і якая цяпер музыка ў Беларусі, якая музычная сітуацыя на беларускай сцэне. Ну і таксама пра тое, як арганізацыя выглядае цяпер. Ну і напэўна будзем гаварыць пра тое, чаму гэта апошняе „Басовішча”. Таму вельмі вас запрашаю прыехаць у суботу раней і быць з намі цэлы дзень. Бо, думаю, варта апошні дзень „Басовішча” правесці разам у Борыку.

РР: Ці неяк эмацыйна адрознівалася вашая праца зараз, пры арганізацыі апошняга фестывалю „Басовішча”? Ці быў нейкі смутак? Ці ўсё ж больш сканцэнтраваліся на тым, каб фестываль зрабіць феерычным, іншым?

Лідка Пякарская: Недзе ў галаве можа і ёсць думка, што гэта апошняе „Басовішча”. Але, думаю, цяпер мы засяродзіліся проста над тым, каб зрабіць фестываль якасным. Магчыма, нас ударыць, што гэта апошняе „Басовішча” недзе ў суботу, або ў нядзелю, калі ўсё скончыцца. Будзем сядзець сабе ў Борыку і будзем разумець, што гэта сапраўды амаль канец. І думаю, тады будзе боль крыху і напэўна будзе плач. Але, думаю, гэта такія добрыя слёзы. Бо зрабілі мы вельмі шмат добрага – і для людзей, і для саміх сябе.

РР: А з тэхнічнага пункту гледжання, бо ты шмат гадоў арганізуеш сама і дапамагала таксама ў арганізацыі „Басовішча” раней, што гэтым разам інакш?

Лідка Пякарская: Я ўжо не ведаю колькі гадоў ці як валанцёр прыязджала, ці як сябра Управы БАСу. Многія гады. Так што цяжка мне нават падлічыць. Мінулыя разы крыху змянілі фармат, каб крышку памяняць музычную сцэну „Басовішча”, каб было больш музыкі не толькі беларускай, але такой, якую маладыя беларусы слухаюць. Сёлета мы падумалі, што нашай БАС-аўскай сцэнай варта аддаць гонар тым гуртам, якія прыязджалі на „Басовішча”, і з самага пачатку, і тыя, якія ўтварыліся побач з „Басовішчам” – ці на конкурсах, ці пачалі спяваць па-беларуску. Мы падумалі, што гэтае апошняе „Басовішча” будзе такім урачыстым момантам для іх, для гэтай беларускай сцэны, і для таго, каб мы проста паслухалі гэтыя гурты, бо можа больш такой нагоды не будзе.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыла Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя