Канцлагер памерам з краіну



Беларускі відэаблогер Леанід Пашкоўскі, які вядзе ютуб-канал “Хачу дамоў”, з’ездзіў у небанальны Кітай. Ён паказаў рэальнае жыццё некалькіх рэгіёнаў Паднябеснай, у тым ліку Тыбета і правінцыі Сіньцзян. Некаторыя факты, якія раскапаў блогер, могуць шакаваць людзей, якія не асабліва сочаць за навінамі пра парушэнні правоў чалавека ў Кітаі. У відэасюжэце пра правінцыю Сіньдзян распавядаецца пра жыццё аднаго народу, якому не пашанцавала трапіць у склад камуністычнага Кітая ў 1940-х гадах. Этнічная меншасць уйгуры не надта вядомая сусветнай супольнасці, відаць, таму што ў гэтага народу не так усё добра з піарам, як у тыбетцаў, і ў іх няма духоўнага правадыра кшталту Далай-Ламы. Уйгуры – цюркскі народ, які па сваёй культуры і мове набліжаны да народаў Цэнтральнай Азіі. Паводле веравызнання уйгуры – мусульмане, што асабліва не падабаецца ўладам атэістычнага Кітая.

Суіснаванне кітайцаў і карэннага насельніцтва ў гарадах былога Усходняга Туркестану ніколі не было бясхмарным. Перыядычна ў гэтай мясцовасці ўзнікаюць канфлікты на нацыянальнай глебе, як, напрыклад, у 2009 годзе. Тады групу уйгурскіх студэнтаў беспадстаўна абвінавацілі ў гвалце над дзяўчатамі кітайскай нацыянальнасці. Пасля гэтага выбухнулі антыўрадавыя акцыі, якія завяршыліся пагромам уйгураў. З гэтага моманту сам факт прыналежнасці да уйгурскай нацыі стаў таўром.

Некалькі гадоў назад, як зазначыў Леанід Пашкоўскі, у правінцыі, населенай уйгурамі, улады правялі штосьці накшталт беларускага перапісу насельніцтва. Інтэрв’юеры старанна абышлі ўсе кватэры і дамы уйгураў, перапісалі звесткі пра крыніцы прыбыткаў, веравызнанне, маёмасць, сваякоў за мяжой. Пасля гэтага была створаная база дадзеных, у якой насельніцтва правінцыі падзялілі на некалькі групаў. У залежнасці ад ступені лаяльнасці жыхарам выдалі розныя ID-карткі. Без наяўнасці гэтых сродкаў ідэнтыфікацыі уйгуры не могуць нават выйсці за межы аднаго раёна горада ў іншы. Паўсюль яны мусяць прыкладаць карты да спецыяльных уладкаванняў, якія счытваюць інфармацыю. Калі загараецца зялёнае святло, уладальнік карткі можа ісці па сваім маршруце. Калі “чырвонае”, то хутка пад’язджае паліцыя і ўвозіць няшчаснага ў так званыя папраўчыя лагеры, дзе людзям распавядаюць пра перавагі жыцця ў сучасным Кітаі, поспехі эканомікі і магутную армію. У такіх лагерах на гэты момант можа ўтрымлівацца каля 1 мільёна чалавек. Гэта дзясятая частка ад усяго насельніцтва.

З відэарэпартажа Леаніда Пашкоўскага вынікае, што кожны метр гарадскіх тэрыторый, дзе кампактна пражываюць уйгуры, праглядаецца дзясяткамі відэакамер. Ад гэтага паноптыкума немагчыма схавацца нідзе, нават у грамадскіх прыбіральнях, дзе для атрымання паперы трэба падставіць твар да прылады, каб яго ідэнтыфікавала спецыяльная камп’ютарная праграма. Аўтар відэа прыводзіць дадзеныя пра кошт сістэмы відэаназірання за уйгурамі. Кітайскім уладам гэтая дарагая цацка абышлася ў 8,5 мільярдаў долараў. Лішнім будзе казаць пра тое, што абсалютна ўсе размовы жыхароў па мабільных тэлефонах і праз месенджары праслухоўваюцца спецслужбамі. Карэннаму насельніцтву пад пагрозай змяшчэння ў канцлагеры забаронена наведваць мячэты. Зрэшты, большасць гэтых культавых пабудоваў даўно перароблена прадпрымальнымі кітайцамі ў офісныя і гандлёвыя цэнтры. Для выезда за мяжу людзям трэба пісаць заявы ў паліцыю, якая “захоўвае” пашпарты грамадзянаў. Але сам факт звароту ў праваахоўныя органы ўжо можа быць падставай для атрымання “пуцёўкі” ў папраўчы лагер. Такім чынам, у кітайскай правінцыі Сяньдзін рэалізаваная самая жорсткая антыўтопія ў стылі Джорджа Оруэла, прычым кантроль за грамадзянамі ажыццяўляецца з дапамогай суперсучасных тэхналагічных прыстасаванняў. А калі ўлічыць, што тэрор ажыццяўляецца ў дачыненні да канкрэтнай этнічнай групы, то напрошваецца сама па сабе паралель з нацыстоўскім рэжымам у Нямеччыне перыяду кіравання Адольфа Гітлера. Страшны сон многіх філосафаў ХХ стагоддзя, у тым ліку Мішэля Фуко, стаў рэальнасцю. На прыкладзе народу уйгураў чалавецтва можа ўбачыць сваю будучыню, калі не стане абараняць прыватную прастору ад замахаў дзяржаваў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ