23 ліпеня Зяленскі збірае сілавікоў і журналістаў па справе Шарамета



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 20 ліпеня, у трэцюю гадавіну забойства журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета, размясціў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” паведамленне, у якім заявіў пра намер заслухаць даклады сілавікоў аб ходзе расследавання.

„Раскрыццё забойства Паўла Шарамета папярэдні прэзідэнт і праваахоўныя органы называлі „справай гонару”. Прайшло 3 гады. Пытанняў застаецца больш, чым адказаў. 23 ліпеня прашу сабрацца генеральнага пракурора, міністра ўнутраных спраў, кіраўніка Нацыянальнай паліцыі і кіраўніка СБУ і далажыць аб ходзе расследавання. Запрашаю на сустрэчу журналістаў. Украінскае грамадства ўжо даўно павінна атрымаць адказ на пытанне „Хто забіў Паўла?”, — напісаў Зяленскі.

Шарамет быў узарваны ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева. Ад атрыманых траўмаў ён памёр у машыне хуткай дапамогі. Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу па артыкуле „Наўмыснае забойства”. Да расследавання былі прыцягнуты спецыялісты Федэральнага бюро расследаванняў ЗША. Як паведаміла БелаПАН Сяўгіль Мусаева, галоўны рэдактар выдання „Украінская праўда”, дзе Шарамет займаў пасаду выканаўчага дырэктара, украінскія журналісты патрабуюць сфарміраваць новую рабочую групу з ліку праваахоўнікаў, якая б заслухала справаздачу Нацпаліцыі аб праведзенай працы, а таксама стварыць новую камісію, якая надала б імпульс расследаванню справы.

„У трэцюю гадавіну забойства нашага калегі ў цэнтры Кіева і родныя, і калегі, і сябры Паўла могуць з упэўненасцю канстатаваць, што следства не прасунуліся ні на крок. Мы вельмі занепакоеныя гэтым, таму што тры гады таму, калі гэта здарылася, кіраўнікі праваахоўных органаў казалі, што гэта справа гонару і экзамен Украіны ў дачыненні да рэфармавання праваахоўнай сістэмы. Можна казаць, што, на жаль, Украіна гэты экзамен праваліла”, — сказала Мусаева.

На той момант прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што расследаванне забойства журналіста з’яўляецца для яго „справай гонару”. У 2017 годзе ён заявіў, што чакаў ад праваахоўнікаў „лепшага выніку”. Мусаева лічыць, што кіраўніцтва праваахоўных органаў павінна панесці адказнасць за адсутнасць прагрэсу ў расследаванні.

„Частку палітычнай адказнасці панёс ужо былы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Я думаю, і са мной пагодзяцца калегі, што калі за тры гады няма вынікаў, а Нацыянальная паліцыя нас інфармуе адпіскамі, ГПУ адмовілася змяніць кваліфікацыю на „тэрарыстычны акт”, пра што мы прасілі, то абсалютна лагічна, што і міністр унутраных спраў, і кіраўнік Нацыянальнай паліцыі, і генпракурор павінны панесці сваю частку палітычнай адказнасці. У нядзелю адбудуцца парламенцкія выбары, і мне здаецца правільным, каб парламент 9-га склікання звольніў гэтых людзей, паколькі ў грамадстве існуе запыт на ўсталяванне справядлівасці і на раскрыццё гэтага забойства. Я б хацела, каб і новы прэзідэнт Украіны, які пра гэта згадваў на дэбатах падчас прэзідэнцкай кампаніі, таксама надаваў больш увагі гэтай справе, каб для яго яна таксама стала справай гонару”, — дадала галоўны рэдактар „УП”.

Сёння на месцы забойства прайшла акцыя „Хто забіў Паўла? 3 гады без адказу”, арганізаваная яго сябрамі і калегамі. У ёй прынялі ўдзел часовы павераны ў справах ЗША ва Украіне Уільям Тэйлар і дэпутаты парламента, паведаміла „Украінская праўда”.

На Паўночных могілках пад Мінскам па прапанове Беларускай асацыяцыі журналістаў каля магілы Шарамета таксама збяруцца яго сябры і калегі.

belapan.by