Пасол Вялікабрытаніі: Мне цяжка з’язджаць з Беларусі
„Тры з паловай гады ў Беларусі былі для мяне вельмі цікавымі, пазітыўнымі і паспяховымі. Мне цяжка з’язджаць”, — сказала ў інтэрв’ю БелаПАН пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб, якая ў жніўні з’язджае з Менска ў сувязі са сканчэннем дыпламатычнай місіі.
„Калі я прыехала, у мяне не было канкрэтных планаў, але тады, на мой погляд, наша ўвага была засяроджаная толькі на сферы правоў чалавека. І гэта, вядома, правільна — фіксаваць увагу на такой сферы. Але мне хацелася дадаць і іншыя акцэнты, іншыя кірункі ў нашых двухбаковых адносінах”, — расказала дыпламат.
„Ацэньваючы мінулыя тры гады, магу сказаць, што ў нашых адносінах з’явіліся розныя аспекты. Пры гэтым пытанне правоў чалавека застаецца важным, і мы працягваем абмяркоўваць гэтую праблемную тэму з беларускімі ўладамі. Але да яе мы дадалі новыя тэмы, і я бачу ў гэтым пазітыўнае развіццё”, — адзначыла Гіб.
Паводле яе слоў, адносіны паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю „развіваюцца паступова”. „Вядома, застаюцца пытанні, паводле якіх у нас ёсць разыходжанні. Але ў цэлым, я лічу, што нашы адносіны развіваюцца пазітыўна. Вядома, як я і сказала, ёсць крытыка. Але дзе ў свеце вы бачылі адносіны паміж краінамі, у якіх не было б крытыкі адзін аднаго? Вядома, заўсёды ёсць нейкія прэтэнзіі. Але важна, каб у нас была магчымасць размаўляць адзін з адным і абмяркоўваць праблемы”, — падкрэсліла пасол.
Фіёна Гіб звярнула ўвагу на актывізацыю двухбаковых адносін у палітычнай сферы. Так, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей год таму наведаў Вялікабрытанію. „Гэта быў першы за 25 гадоў візіт кіраўніка беларускага МЗС у Лондан. Наш намеснік міністра замежных спраў сэр Алан Дункан у 2017 годзе пабываў у Беларусі. Гэта таксама быў першы падобны візіт пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Для мяне гэта знамянальныя падзеі”, — сказала дыпламат.
Гіб таксама нагадала пра чэрвеньскі візіт дзяржаўнага міністра па гандлёвай палітыцы Міністэрства знешняга гандлю Вялікабрытаніі Джорджа Холінгберы. „Так што не толькі нашы палітычныя адносіны развіваюцца — мы працуем і над развіццём гандлёвага ўзаемадзеяння”, — адзначыла яна.
Акрамя таго, паводле слоў дыпламата, Беларусь і Вялікабрытанія супрацоўнічаюць у сферы бяспекі — міністэрствы абароны дзвюх краін падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. „Добра развіваюцца нашы адносіны ў сферы культуры. Гуманітарныя сувязі вельмі моцныя”, — дадала Фіёна Гіб.