Нацыяналісты лютуюць. Падзеі 75-гадовай даўніны



Кожны, хто цікавіцца мінулым нашай краіны, а тым больш перыядам Другой сусветнай вайны, мабыць чуў пра моцную антысавецкую партызанку ў вёсцы Дзівін, што ў Кобрынскім раёне Берасцейшчыны. А калі і не, то публікацый на гэтую тэму шмат, таму пераказваць ня мае сэнсу, а вось пазнаёміцца з дакументамі тых падзей карысна.

Разгледзім данясенне сакратара Дзівінскага раённага камітэту КП(б)Б Індзюкова і старшыні Дзівінскага раённага Савету дэпутатаў Караваева сакратару Берасцейскага абласнога камітэта партыі Тупіцыну і намесніку старшыні Берасцейскага аблвыканкама Раю. Кіраўнікі раёна паведамляюць пра сітуацыю з антысавецкім падполлем на іх тэрыторыі. Пераважна гаворка вядзецца пра “украінскія нацыянальныя банды”, але з удакладненнем, што гэтыя ўзброеныя фармаванні складаюцца з мясцовых жыхароў. Падзеі мелі месца быць акурат 75 год таму: 21 ліпеня – 7 жніўня 1944 года.

Агульная характарыстыка Дзівінскага раёна

Напачатку Індзюкоў і Караваеў паведамляюць начальству, што ў цэлым абстаноўка станоўчая, супраціву няма і калі 21 ліпеня яны з’явіліся ў раёне, то іх насельніцтва прымала добра. Нават адразу атрымалася стварыць Радастоўскі сельскі савет, а ў вёсцы Сварынь правесці сход сялян, каб распавесці пра “новае жыццё” і высветліць, якое ў іх стаўленне да бальшавікоў. Пісалі, што амаль віталі іх. Па вялікім рахунку на гэтым і завяршаецца даклад пра нешта добрае.

(…) Прыбылі ў Дзівін 23 ліпеня ўвечары. Абстаноўка ў гэты час была не зусім спрыяльнай. Тут адкрыта знаходзілася і дзейнічала група мясцовых украінскіх нацыяналістаў, але, даведаўшыся, што нас прыбыла вялікая група, яны ноччу выбраліся ў лес (колькасць нацыяналістаў была да 50 чалавек).

Акрамя дзейнасці падполля, бальшавікі ў Дзівіне сутыкнуліся з традыцыйным “падарункам” ад нацыстаў. Амаль усе вуліцы, аколіцы замінавалі пры адыходзе, а ў распараджэнні Індзюкова і Караваева не было сапёраў. У першыя дні дапамогу аказваў палонны чэх, які меў досвед у сапёрнай справе, але 31 ліпеня ён сам падарваўся.

Дыверсія альбо наўпрост трагічны выпадак?

У працяг тэмы пра міны. На вуліцы Кобрынскай 2 жніўня прагрымеў моцны выбух. Загінуў вайсковы камісар Дзівінскага раёна, капітан Валін і яго памочнік малодшы лейтэнант Абдурахманаў. У жывых застаўся возчык і двое коней. Вайскоўцы вярталіся ў райцэнтр пасля правядзення пераўліку ваеннаабавязаных жыхароў некалькіх вёсак. Усе дакументы для мабілізацыі знішчаныя ў выніку выбуху альбо скрадзеныя. У сувязі з гэтым Дзівін прасіў у Берасця дапамогі і перш за ўсё выслаць брыгаду прафесійных сапёраў. Праз некалькі дзён для складання новых спісаў была накіравана чарговая група.

Сумнеў пра выпадковасць здарэння ў бальшавікоў выклікала некалькі момантаў. Па-першае: ў выніку выбуху загінулі выключна афіцэры Чырвонай Арміі, а мясцовы жыхар і ягоныя двое коней нават не атрымалі траўм. Па-другое: дакументы знішчаны такім чынам, што нават нічога няма. Таму не выключалі версію пра замах з мэтай выкрадання дакументаў.

Масава бягуць ад прызыву ў Чырвоную Армію

Гібель капітана Валіна і лейтэнанта Абдурахманава адбылася акурат у той час, калі ў Дзівінскім раёне праходзіла мабілізацыя. Гэта выклікала абурэнне сярод насельніцтва, адбываліся сутычкі з супрацоўнікамі вайсковых камісарыятаў, таму падрыў на вуліцы Кобрынскай у Дзівіне верагодна не выпадковасць.

30 ліпеня 1944 года мусіў адбыцца збор мабілізаваных жыхароў Дзівіна, але з 700 чалавек прыйшло толькі 50 чалавек. Астатнія хлопцы збеглі ў лясы і многія далучыліся да антысавецкага падполля. Ужо на наступны дзень знішчальны атрад НКУС зладзіў адмысловую аблаву, у ходзе якой з лясоў было выцягнута 180 чалавек і прымусова накіраваныя ў Бярозаўскі раён. Верагодна партыйцы зразумелі, што гэта ненадзейныя змагары за ўладу саветаў, таму неўзабаве перадалі ў Бярозу загад, каб мабілізаваных распусцілі.

Калі ў Дзівіне бальшавікі змаглі назбіраць ажно 700 верагодных байцоў РСЧА, то па вёсках сітуацыя была ўвогуле крытычная і ваенкамісары прызнавалі, што адбываецца зрыў мабілізацыі. Напрыклад у вёсцы Навасёлкі зніклі ўсе юнакі і мужчыны прызыўнога ўзросту, а з усяго Хабовіцкага сельскага савета знайшлося 4 чалавекі.

Ратуйце нас, мы ледзь трымаемся!

Таварышы кіраўнікі Дзівінскага раёна інфармавалі вышэйшых партыйцаў у Берасці, што нягледзячы на наяўнасць знішчальнага атрада НКУС, камсамольска-партыйнага актыва, супрацоўнікаў райвыканкама і добраахвотнікаў, але змагацца з антысавецкім супрацівам у рэгіёне не могуць. Сілаў ледзь хапала на тое, каб утрымоўваць Дзівін. А з кожным днём усё больш і больш распаўсюджваліся чуткі пра падрыхтоўку штурма раённага цэнтра з боку падполля.

І гэтаму былі рэальныя падставы. Сакратар Дзівінскага раённага камітэта КП(б)Б Індзюкоў прыблізна налічыў, што ў раёне знаходзіцца не меней 400 добра ўзброеных антысавецкіх байцоў. А ў НКУС мелі сведку, які паведаміў пра асноўную зброю падпольшчыкаў: станковыя і ручныя кулямёты, мінамёты і аўтаматы.

Не менш уражвала і мабілізацыя ў шэрагі антысавецкай партызанкі. З вёскі Павіцце добраахвотна да падполля далучылася 30 чалавек, а ў вёсцы Лелікава 50 чалавек і большасць тых, хто збег з пункту збора ў Дзівіне перад адпраўкай у Чырвоную Армію.

Якую ж тэрыторыю кантраляваў антысавецкі супраціў

У ліпені – верасні 1944 года антысавецкае падполле ўзяло пад свой кантроль наступныя сельскія саветы Дзівінскага раёна: Павіццеўскі, Асоўскі, Лелікаўскі і Хабовіцкі, а таксама шэраг асобных вёсак у іншых сельскіх саветах раёна.

Раённы камітэт Кампартыі паведамляў у Берасце, што на гэтых тэрыторыях немагчыма ўсталёўваць савецкую ўладу, старшыні сельскіх саветаў, як і весь партыйны актыў адмаўляецца працаваць на гэтай тэрыторыіі, нават туды з’яўляцца.

Данясенне сакратара Дзівінскага раённага камітэта КП(б)Б Індзюкова і старшыні Дзівінскага раённага Савета дэпутатаў Караваева сакратару Берасцейскага абласнога камітэта партыі Тупіцыну і намесніку старшыні Берасцейскага аблвыканкама Раю было ўважліва разгледжана. І ўжо ў верасні ў Дзівінскі раён накіравалі дадатковыя сілы НКУС, часткі Чырвонай Арміі і партыйна-камсамольскі актыў. У верасні-лістападзе 1944 года тут будзе сапраўдная вайна і да тых падзей вернемся акурат на 75 гадавіну…

Беларускае Радыё Рацыя