Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся ў цэнтры Берасця



21 ліпеня на плошчы Леніна ў Берасці чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, на плошчы было больш за 150 чалавек.

Як заявіла БелаПАН жыхарка Берасця Ірына, праціўнікі завода не маюць намеру спыняць пратэсты. „Бо ўлады не зрабілі таго, чаго мы дамагаемся — закрыцця або перапрафілявання завода ў іншую вытворчасць”, — патлумачыла яна. Паводле слоў брэстаўчанкі, гэта маглі б быць, напрыклад, цэхі электралямпавага завода або завода „Брэстгазаапарат”, якія працуюць у горадзе. Або, прапанавала яна, можна было б адкрыць тут новую экалагічна бяспечную вытворчасць, напрыклад, шкляной тары.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі паведамленні аб тым, што праект акумулятарнага завода зноў не прайшоў дзяржаўную экалагічную экспертызу. Трэцяе па ліку заключэнне было падпісана 19 ліпеня. Аднак пакуль невядома, якая фармулёўка фігуруе ў гэтым дакуменце.

Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі завода зноў прайшлі па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра „Беларусь”. Падчас шэсця іх здымалі на відэа супрацоўнікі міліцыі.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне больш за 200 мерапрыемстваў, улады санкцыянавалі толькі адну акцыю.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.

З 3 мая каля прадпрыемства кругласутачна дзяжураць актывісты. Яны неаднаразова фіксавалі факты вытворчай дзейнасці яшчэ не прынятага ў эксплуатацыю прадпрыемства, якое выкідвала ў паветра і гарадскую каналізацыю шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства паўнавартасна выпускала прадукцыю. Аб парушэннях яны інфармавалі адпаведныя інстанцыі.

14 чэрвеня Брэсцкі аблвыканкам апублікаваў на сваім сайце распараджэнне кіраўніка вобласці Анатоля Ліса аб прыпыненні будаўніцтва акумулятарнага завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”.

17 чэрвеня абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол заводу на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

belapan.by