“Botanic Party” на былой сядзібе батаніка Уладзіміра Адамава
Віцебскі прадпрымальнік Максім Жукаў марыць зрабіць у вёсцы Вялікія Лётцы сапраўдны культурніцкі цэнтр для вяскоўцаў і гараджан. З гэтай мэтай ён упарадкоўвае закінуты будынак колішняй сядзібы знакамітага батаніка Уладзіміра Адамава і праводзіць там фэсты.
“Botanic Party” – гэта ўжо другая імпрэза, якая адбылася на тэрыторыі сядзібы.
Апрача канцэрту запрошаных музыкаў, ахвотныя маглі пасадзіць расліны ў памяць пра дзейнасць вядомага навукоўцы і паслухаць лекцыю краязнаўцы Аркадзя Падліпскага. На ягоную думку, Уладзімір Адамаў – выбітны вучоны, і ягонае імя можа стаць “фішкай” гэтых мясцін:
– Недзе ў канцы 19-га стагоддзя Уладзімір Адамаў пасадзіў на тэрыторыі сваёй сядзібы шыкоўны сад у Вялікіх Лётцах. І ён быў настолькі вядомы, што нават пасля Вялікай Айчыннай вайны сюды прыходзілі лісты з батанічных садоў усяго свету з прапановамі абмяняцца саджанцамі.
І да сёння ў вёсцы можна ўбачыць экзатычныя расліны, пасаджаныя Адамавым. Але сад прыйшоў у заняпад, калі ягоны гаспадар мусіў з’ехаць адсюль неўзабаве пасля прыходу савецкай улады.
Прадпрымальнік Максім Жукаў спадзяецца, што культурніцкая пляцоўка – адроджаная сядзіба Адамава – прыцягне сюды турыстаў і зробіць жыццё вяскоўцаў цікавейшым:
– Летась тут зачынілі і школу, і дзіцячы дом – апошнія рэшткі культуры знішчаюцца. Атрымліваецца, сядзіба Адамава стала новай культурніцкай пляцоўкай, і для мясцовых жыхароў, і для віцяблян. Тым болей, для жыхароў Вялікіх Лётцаў на ўсе мерапрыемствы ўваход свабодны.
Здавалася б, ініцыятыва новага гаспадара мусіла б быць шырока падтрыманай. Але некалькі вяскоўцаў незадаволены тым, што давядзецца зносіць пабудовы, самавольна ўзведзеныя на тэрыторыі сядзібы. А ўлады на дапамогу Максіму Жукаву не спяшаюцца. Прадпрымальнік мусіў звярнуцца ў пракуратуру, каб развязаць канфлікт і далей развіваць ідэю культурніцкага цэнтру.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя