Адлік ад Каліноўскага



У Свіслачы Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь разам з адмысловымі спецыялістамі з Беларусі і Літвы правялі археалагічныя працы па эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага, роднага брата легендарнага кіраўніка паўстання 1863-64-ых гадоў Кастуся Каліноўскага!!!

Навошта???!!!

Афіцыйная версія гэтых работ палягае на тым, што літоўскі бок хоча параўнаць мяркуемыя парэшткі Кастуся Каліноўскага знойдзеныя ў Вільні з таксама мяркуемымі парэшткамі яго брата. Неафіцыйная версія таксама прысутнічае ў народзе, вітае ў вуснай і пісьмовай форме, і яна значна менш аптымістычная. Паводле яе, маўляў, хочуць нам абвесціць, што і там, і там, ці хоць як мінімум тут, ДНК Каліноўскага не выяўлена…

У гэтай другой версіі не так шмат смешнага, як здаецца на першы погляд. Сённяшнія беларускія ўлады не адзін год праследуюць тых актывістаў, якія прыязджаюць ў Свіслач ушанаваць памяць паўстанцаў. Каму-каму, а ім то, уладам, яўна непатрэбна, каб ДНК Каліноўскага знайшлося ў Беларускай зямлі. Ім было б лепш, каб і імя яго не гучала ў беларускім паветры.

Чыё заўгодна хай гучыць! Пра расейскіх Сцяпана Разіна ці Емяльяна Пугачова нават у школе можна распавядаць, а вось Каліноўскі нешта іншае… Да яго асаблівыя адносіны ў сённяшніх кіраўнікоў Беларусі…

І справа не ў асабістых сімпатыях ці антыпатыях нашых чыноўнікаў да тых, ці іншых гістарычных постацяў. Справа ў адносінах гэтых гістарычных постацяў да ўлады ўвогуле…

Бравы казак Сцяпан Разін заяўляў, што не збіраецца скідаць з трона расейскага цара Аляксея Міхайлавіча. Ён па старой расейскай звычцы ва ўсім вінаваціў баяраў, ваяводаў, іншую адміністрацыю, якую цар расейскі і прызначаў. Супраць жа царскай тыраніі як увогуле супраць дыктатуры, прэтэнзій нібыта і не выстаўляў. Прынамсі на словах.

Другі адважны казак Емяльян Пугачоў пайшоў яшчэ далей у гэтым пытанні. Ён сам абвясціў сябе спадкаемцам трону расейскага імператарам Пятром Трэцім, і яшчэ па адной расейскай звычцы хацеў кепскага цара замяніць на добрага. У дадзеным выпадку на сябе самога. Зноў жа, прынамсі на словах. І зноў жа да існавання дыктатуры як да адзіна мажлівай сістэмы кіравання аніякіх прэтэнзій не меў.

Ну і якія ў такім разе да гэтых гераічных расейскіх хлопцаў могуць быць прэтэнзіі ў сённяшняй беларускай улады?! Героі і ўсё тут. Можна і ў школе іх ставіць у прыклад.

А вось беларускі паўстанец Кастусь Каліноўскі справа іншая!!!

– Толькі тады, народзе, зажывеш шчасліва, калі над табой маскаля ўжо не будзе, – заявіў ён у вечнасць.

(Маскалямі тады называлі чыноўнікаў, пастаўленых ад імя Расейскай імперыі кіраваць народам. Не трэба слова “маскаль” блытаць з словам “рускі”. Гэта не адно і тое. Але зараз не пра гэта развагі, а пра тое, што не хацеў Кастусь расейскай дыктатуры над беларускім народам). 

– Не народ для ўлады, а ўлада для народа, – сказаў ён яшчэ, і не адзін раз паўтарыў.

І гэтымі словамі засведчыў, што аніякай дыктатуры не хоча, не толькі чужынскай, але і сваёй родненькай. Ды і сам ў дыктатары не імкнуўся. Вось і ўся розніца!

Ну то за што яго будзе шанаваць сённяшняя ўлада?!

А пасля яго гераічнай смерці, якая завяршыла не менш гераічнае, хоць і кароткае жыццё, знайшліся спадкаемцы яго ідэй і яго змагання. Па сённяшні дзень захаваліся такія. Таксама дыктатуры не любяць. Вось і хапаюць іх як у Свіслач прыязджаюць на магілу Віктара Каліноўскага…

Ну то ці зацікаўленыя ўлады ў тым, каб Слава гэтага месца ў свет пайшла?!

Так што падазрэнні ў праўдзівасці экспертызы не на пустым месцы вырастаюць. Тым больш, што працы праходзілі без належнай галоснасці. Ну а пра тое, хто ўклаў грошы ў той мемарыял і ці дазваляе ён яго бурыць ні ў каго з прадстаўнікоў улады і ў галаву не прыйшло пацікавіцца. Мажліва яны такія грошы за грошы не лічаць. Але ж тыя, хто скідваўся апошнімі сродкамі, маюць на гэты конт іншае меркаванне.

Зрэшты, што скажуць па завяршэнні работ адпаведныя службы і адказныя асобы, не так ужо і важна. Важна што сказаў сам Кастусь Каліноўскі. А ён ужо ўсё сказаў. Ад яго ідзе той адлік, які будучыню Беларусі дапускае толькі як незалежную, свабодную, і абавязкова дэмакратычную. Гэты адлік ідзе і абавязкова прыйдзе да лагічнага завяршэння.

Віктар Сазонаў 

  

  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ