Папок выйграў гонку ў Кітаі



Беларус Сяргей Папок выйграў дзявяты этап велагонкі Tour of Qinghai lake ў Кітаі. Веласіпедыст „Менска” змог утрымацца ў групе лідараў на некалькіх уздымах па маршруце ў 160 км. Заключны адрэзак перад фінішам пелатон правёў на спуску з гары. Высокая хуткасць дапамагла беларусу заняць першае месца. Сёння на велашматдзёнцы Tour of Qinghai lake дзень адпачынку, пасля якога ўдзельнікаў чакае дзясяты хуткасны этап у 116 км.

Беларускія «пляжнікі» выйшлі ў другі раўнд кваліфікацыі ЧС

Зборная Беларусі па пляжным футболе святкавала трэцюю перамогу ў кваліфікацыйным турніры чэмпіянату свету ў Маскве. У заключным паядынку папярэдняй групы Е беларусы адолелі супернікаў са Швейцарыі ў серыі пасляматчавых пенальці 3:2. Па ходу сустрэчы беларускія футбалісты прайгравалі 0:2, але дзякуючы галам Анатоля Рабко і Юрыя Пятроўскага выраўнялі становішча, перавёўшы гульню ў авертайм, а затым лепш выканалі пенальці. Выніковае становішча ў групе Е: Швейцарыя – 6 ачкоў, Беларусь – 5, Літва – 3, Турцыя – 0. Па выніках першага групавога этапу ў плэй-оф выйшлі па тры каманды з кожнай групы, а таксама лепшая зборная з тых, якія занялі чацвёртыя месцы. Пераможцы матчаў 1/8 фіналу правядуць другі групавы этап, пасля якога па дзве лепшыя дружыны атрымаюць прамыя пуцёўкі ў фінальную стадыю сусветнага першынства, а яшчэ адзін пропуск разыграюць каманды, якія занялі трэція месцы на другім групавым этапе.

Расейскі абаронца перайшоў у сталічнае «Дынама»

Гульцом менскага „Дынама” стаў 32-гадовы расейскі абаронца Дзмітрый Ятчанка, пра гэта паведамляе афіцыйны сайт „бела-сініх”. Ятчанка з’яўляецца выхаванцам акадэміі імя Льва Яшына. Сваю кар’еру ён пачынаў у дублі маскоўскага „Дынама”, затым выступаў за „Спартак” з Нальчыка. Пасля гэтага Дзмітрый гуляў у „Цераку” і „Крылах Саветаў”. У мінулым сезоне Ятчанка абараняў колеры „Енісея”, у складзе якога прыняў удзел у 24-х матчах расейскай прэм’ер-лігі, вызначыўшыся двума забітымі мячамі. Усяго ж у РПЛ дынамаўскі навабранец правёў 248 сустрэч, набраўшы 11 (4 + 7) ачкоў.

«Шахцёр» даведаўся наступных супернікаў

Футбалісты салігорскага „Шахцёра” паводле лёсавання ў швейцарскім Ньёне ў штаб-кватэры УЕФА даведаліся магчымых супернікаў у трэцім раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы. У выпадку паспяховага

супрацьстаяння з дацкім „Эсбьергам” беларускі клуб згуляе ў жніўні з пераможцам пары „Тарына” (Італія) / „Дэбрэцэн” (Вугоршчына). На дадзеным этапе турніру можа выступіць і БАТЭ, калі па суме двух паядынкаў прайграе нарвежскаму „Русенборгу” ў другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў. У такім выпадку сапернікам барысаўчан стане „Сараева” з Босніі і Герцагавіны. Цікава, што падчас лёсавання здарыўся цікаўны эпізод. Паколькі УЕФА разводзіць украінскія і расейскія клубы ў еўракубках, адзінай парай, якая не змагла б згуляць паміж сабой па шляху прадстаўнікоў ліг была пара „Дынама” Кіеў – „Краснадар”. І намеснік генеральнага сакратара УЕФА Джорджыа Маркеці, які праводзіў лёсаванне, выцягнуў шарыкі менавіта з гэтымі камандамі. У выніку кіяўляне атрымалі ў сапернікі „Бруге”, а „Краснадар” — „Порту”.

Кандрачэнка выграў шашачны турнір у Санкт-Пецярбургу

Міжнародны гросмайстар з Гомеля Яўген Кандрачэнка стаў пераможцам традыцыйнага турніру па шашках-64 „Белыя ночы” у Санкт-Пецярбургу. Беларус па выніках спаборніцтваў набраў 14 ачкоў з 18 магчымых і апярэдзіў расейцаў Міхаіла Гарунова і Рыгора Гетманскага. Таксама Яўген Кандрачэнка першынстваваў у турніры па маланкавай гульні. У Санкт-Пецярбургу выступілі 74 спартоўцы з пяці краін.

Хардзінг будзе памочнікам трэнера ў WNBA

Баскетбалістка зборнай Беларусі з амерыканскімі каранямі Ліндсэй Хардзінг стала памочнікам галоўнага трэнера каманды WNBA „Сакрамэнта Кінгз”. 35-гадовая Хардзінг выступала за „Мінесоту”, „Вашынгтон”, „Атланту”, „Лос-Анджэлес”, „Нью-Ёрк” і „Фенікс”, а таксама за зборную Беларусі. У 270 гульнях WNBA за кар’еру Хардзінг набірала ў сярэднім 9,8 ачка, рабіла 4 перадачы і 2,9 падбораў.

Беларускае Радыё Рацыя