Cвята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”



28 ліпеня адбудзецца фестываль “Ракуцёўскае лета 2019”. У літаратурна-мемарыяльным музеі Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” вас чакаюць сустрэчы з нашчадкамі Максіма Багдановіча і Эміліі Луцкевіч, выступы паэтаў і музыкаў, творчыя заданні і квэсты, займальныя лекцыі, гульні для дзяцей і дарослых і шмат іншых цікавостак.

Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў для ўсіх наведвальнікаў фестывалю праграму літаратурнай пляцоўкі:

13.30-14.10 – гульня “Веру-не веру” па жыцці і творчасці Максіма Багдановіча: нечаканыя факты з жыцця паэта. 14.10-14.40 – “Угадай аўтара”: шмат сучасных творцаў пішуць вершы з адсылкамі на Максіма Багдановіча ці выкарыстоўваюць вобразы, якія любіў сам паэт. Будзем разам чытаць такія вершы і адгадваць іх аўтараў. 14.40-15.30 – майстар-клас па напісанні лімерыкаў, прысвечаных Максіму Багдановічу.

Пераможцы конкурсаў атрымаюць падарункі ад Беларускага ПЭН-цэнтра.

Агульная праграма свята:

11:00 − прывітальная імпрэза каля памятных камянёў і ўскладанне кветак; 11:30 − знаёмства з музеем “Фальварак Ракуцёўшчына”, агляд экспазіцыі; 12:00 − літаратурна-музычная імпрэза “Пацеркі зор”; 12:00 – 16:00 – інтэрактывы і забавы для наведвальнікаў: – гульні “Кніганоша”, “Літаратурны кракадзіл”, “Музейная шуфлядка”; – квэст па экспазіцыі; – майстар-клас па выцінанцы; – інтэрактыўны дзіцячы спектакль “Ці добра быць суслікам?”.   Праезд да “Фальварку Ракуцёўшчына” магчымы электрычкай Менск–Маладзечна, Маладзечна–Менск (да станцыі Уша) ці маршрутным таксі Менск–Краснае, Менск–Маладзечна (да вёскі Краснае). У самых актыўных і хуткіх гасцей музея ёсць магчымасць патрапіць на свята ў складзе арганізаванай групы.

Набыць квіткі можна ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Менск, вул. Багдановіча 7а, тэлефон: 334-42-69). Кошт: 10 руб. – школьнікі, студэнты; 15 руб. – дарослыя.