Cасновіч праваліла вырашальны сэт у гульні са Стаянавіч



Беларуска Аляксандра Сасновіч, якая мае 42-і нумар рэйтынгу ВТА, у 1/16 фіналу турніру ў Юрмале з прызавым фондам 226 тысяч 750 даляраў, прайграла 209-й ракетцы планеты сербцы Ніне Стаянавач – 6: 4, 3: 6, 4: 6. У вырашальным сэце Сасновіч вяла з лікам 4: 1, але пасля гэтага прайграла пяць геймаў запар.

Два золата беларусак на турніры па барацьбе ў Баку

Дзве беларускія спартоўкі заваявалі залатыя ўзнагароды турніру па барацьбе XV летняга Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю ў Баку. У фінальным паядынку беларуска Крысціна Здункевіч у вагавай катэгорыі 57 кг апынулася мацней за нарвежскую спартоўку Анэт Азэлі

Ае. Таксама на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўздымалася беларуска Яна Траццяк у вазе 65 кг, якая ў вырашальнай сутычцы перамагла турэцкую суперніцу Несрын Бас.

Коваль будзе трэніраваць брамнікаў у «Дынама-Маладзечна»

Вядомы экс-галкіпер зборнай Беларусі па хакеі Віталь Коваль працягне кар’еру ў „Дынама-Маладзечна”. Ён увайшоў у трэнерскі штаб Дзмітрыя Краўчанкі, які будзе рыхтаваць каманду да сезону разам з Ігарам Крывашлыкам, Аляксандрам Уладыкіным і Ірэкам Хафізавым. У мінулым сезоне спецыяліст уваходзіў у трэнерскі штаб менскага „Дынама” і нацыянальнай зборнай Беларусі. За час кар’еры гульца Віталь Коваль выступаў за пермскі „Молат-Прыкам’е, ліепайскі „Металургс”, гарадзенскі „Нёман”, мінскае „Дынама”, мыцішчанскі „Атлант”, ніжагародскае „Тарпеда”, уфімскі „Салават Юлаеў”, ніжнекамскі „Нафтахімік” і шведскі „Вэстэросэ”. У складзе зборнай Беларусі ён правёў 92 матчы.

Чэрнік вяртаецца ў БАТЭ

Брамнік зборнай Беларусі Сяргей Чэрнік вяртаецца ў барысаўскі БАТЭ. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва». На перадматчавай прэс-канферэнцыі гэтую інфармацыю пацвердзіў галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага.

– Ёсць вусная дамоўленасць з Сяргеем. Трэба выканаць фармальнасці. Для гэтага патрэбны час. Трэба было ў адсутнасць Шчарбіцкага прадубляваць пазіцыю брамніка, таму ўзялі моцнага галкіпера, – прыводзіць словы Багі «Прессбол». Сяргей Чэрнік раней выступаў за «Нёман» і БАТЭ, а ў 2016 годзе вырашыў паспрабаваць свае сілы ў чэмпіянаце Францыі, заключыўшы кантракт з клубам «Нансі». Год таму каманда вылецела з Лігі 1, а ў мінулым сезоне была на мяжы таго, каб апынуцца ў трэцім па сіле дывізіёне. За тры гады Чэрнік правёў у чэмпіянатах Францыі 33 матчы, прапусціўшы 41 гол. У складзе зборнай Беларусі 31-гадовы галкіпер выходзіў на поле 18 разоў.

“МЮ” прэтэндуе на Мілінкавіча-Савіча

„Манчэстар Юнайтэд” з’яўляецца фаварытам у барацьбе за паўабаронцу „Лацыё” Сяргея Мілінкавіча-Савіча. Сума дамовы з улікам бонусаў можа скласці 75 мільёнаў еўра, сцвярджае La Repubblica. 24-гадовы гулец зборнай Сербіі згодны на пераход у „МЮ” і гатовы падпісаць кантракт на пяць гадоў. Галоўным канкурэнтам „Манчэстэра” лічыцца французскі „ПСЖ”. У мінулым сезоне Савіч правёў у Серыі А 31 матч, у якіх забіў 5 галоў і зрабіў 3 перадачы.

Расейскі баксёр памёр пасля бою

Расейскі баксёр Максім Дадашаў памёр у ЗША з-за траўмаў, атрыманых падчас бою 20 ліпеня. Пра гэта са спасылкай на каманду спартоўца паведамляе ТАСС. „Максім памёр. Ня вытрымала сэрца”, – сказаў суразмоўца агенцтва. Як паведамілі ў Федэрацыі бокса Расеі, сям’і расейца будуць прызначаныя пажыццёвыя выплаты. У ноч на 20 ліпеня Дадашаў праводзіў паядынак з пуэртарыканцам Субрыэлем Матыясам за права стаць абавязковым прэтэндэнтам на тытул па версіі Міжнароднай баксёрскай федэрацыі (IBF) у першай паўсярэдняй вазе (да 63,5 кг). У 11-м раўндзе Дадашаў прапусціў шмат удараў, з-за чаго каманда спартоўца прыняла рашэнне спыніць паядынак, каб паберагчы здароўе баксёра. Пасля бою Дадашаву стала дрэнна, яго ванітавала, а затым ён страціў прытомнасць, яго ў крытычным стане даставілі ў шпіталь, дзе яму быў дыягнаставаны цяжкі ацёк мозгу. Спартоўцу была праведзена трэпанацыя чэрапа. Дадашаву было 28 гадоў, ён правёў на прафесійным рынгу 14 баёў, у 13 перамог (з іх 11 накаўтам) і пацярпеў адну паразу.

Беларускае Радыё Рацыя