Дыктатары таксама чхаюць



Вось ужо тыдзень жыхароў некалькіх постсавецкіх дзяржаваў цікавіць пытанне, дзе падзеўся туркменбашы. Знікненне Гурбангулы Бердымухамедава з медыйнай прасторы – справа незвычайная ў дзяржаве, дзе існуе культ асобы правадыра, дзе ягоны партрэт вісіць літаральна на кожным слупе, дзе песні ў ягоным выкананні гучаць з кожнага праса, дзе немагчыма распачаць працоўны дзень лекарам, ваенным, асенізатарам і пчалаводам без мудрых указанняў Гурбангулы. У інтэрнэце вельмі папулярныя караценькія відэаролікі з удзелам туркменскага нацлідара, у якіх ён выконвае хіты савецкай эпохі з гітарай у руках альбо па-заліхвацку кіруе аўтамабілем у вайсковай форме. Туркменскія ананімныя тэлеграм-каналы паведамляюць прама: бацька нацыі памёр ад хваробы нырак. Урадавыя ўстановы, вядома, пераканаўчую інфармацыю, якая абвяргала б гэтае паведамленне, прадастаўляць не спяшаюцца. Гэта і не дзіўна, бо ў дыктатарскай краіне любыя дадзеныя пра здароўе айца нацыі – гэта дзяржаўная таямніца, больш ахоўваемая, чым інфармацыя пра баяздольнасць арміі ці стан эканомікі.

Дыктатура ў ХХІ стагоддзі паводле сваёй сутнасці мала адрозніваецца ад сярэднявечных манархій, хіба што ўзроўнем тэхналогій сачэння за грамадзянамі. Каб зразумець, чаму цела і здароўе правіцеля маюць значэнне для персаналісцкіх рэжымаў, варта звярнуць увагу на тое, як функцыянавала ўлада да з’яўлення рэспублік у 17-18 стагоддзях. Тады цела манарха не належыла толькі яму самому. Каб рэалізоўваць уладу, няшчасны правіцель быў вымушаны ўвесь час дэманстраваць палітычнаму народу, што ён жывы, здаровы і здольны прымаць рашэнні. Нават публічныя кары злодзеяў часцяком ладзіліся толькі ў прысутнасці суверэна, паколькі замах на любую ўласнасць лічыўся замахам на ўладу гаспадара і ягоныя законы. А жорсткія катаванні, якія практыкаваліся раней часцяком, мелі на мэце паказаць уладу і фізічную перавагу манарха над целамі сваіх падданых.

Час ішоў, але дыктатуры і ў ХХІ стагоддзі сутнасна мала змяніліся. Дэспаты дагэтуль абавязаныя дэманстраваць народу сваю выдатную кандыцыю, займацца спортам нават у пажылым узросце, атачаць сябе прыгожымі кабетамі і дзецьмі, ездзіць на ваенныя вучэнні, выказвацца на тэмы пакаранняў злачынцаў. Словам, рабіць усё, каб у народу складвалася вера ў неўміручасць правадыра. Адпаведна, нават любое захворанне, цяжэйшае за прастуду, для ўсёй прапагандысцкай машыны, завязанай на персаналію вечна жывога і квітнеючага альфа-самца, з’яўляецца праблемай. Гэта хвароба нямецкага канцлера Ангелы Меркель успрымаецца грамадствам са спачуваннем і эмпатыяй, а вось недамаганні постсавецкіх дыктатараў абмяркоўваюцца са жвавым інтарэсам, часта абрастаюць домысламі. Узгадайма часовае знікненне з экранаў тэлевізараў Аляксандра Лукашэнкі ці ягонага расейскага калегі Уладзіміра Пуціна. Як толькі гэтыя кіраўнікі перастаюць з’яўляцца на публічных мерапрыемствах, дык адразу па краінах пачынаюць распаўсюджвацца самыя неверагодныя чуткі.

А што да туркменбашы, то спробы абвергнуць заўчасны сыход кіраўніка дзяржавы выглядаюць непераканаўчымі. Амбасада Туркменістана ў РФ, заявіўшы інфармацыю пра адсутнасць праблем са здароўем нацлідара, толькі падагрэла ажыятаж. Са свежага: туркменскія СМІ паведамілі грамадзянам пра тэлефанаванне прэзідэнта свайму узбецкаму калегу, але пры гэтым жывога Гурбангулы зноў не паказалі. Карацей, цяжка быць дыктатарам. Нават з’явіцца з сіняком пад вокам, як гэта было ў экс-прэзідэнта ЗША Джорджа Буша, нельга. Сакрэт доўгажыхарства дыктатуры – у звышсур’ёзным стаўленні да першых асобаў рэжыму. Як толькі людзі пачынаюць усведамляць, што правіцелі таксама чхаюць, самыя суворыя дэспатыі з грукаценнем падаюць долу. Зрэшты, у шматлікіх паведамленнях пра смерць Гурбангулы няма нічога дзіўнага яшчэ па адной прычыне. У багатым на радовішчы нафты і газу Туркменістане склалася такая сітуацыя, што большасць грамадзян не могуць сабе дазволіць нармальнага харчавання, а некаторыя рэгіёны – на мяжы галодных бунтаў. Так што, калі Гурбангулы сябе пакуль што адчувае добра, то гэта ненадоўга.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ