Невядомы цяжка параніў дарадцу пасольства Беларусі ў Турцыі (абноўлена)



Паранены ў Анкары беларускі дыпламат паспяхова праапераваны, яго стан здавальняючы, паведаміў міністр замежных спраў Турцыі Меўлют Чавушаглу ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1„.

Напярэдадні здарыўся напад на дарадцу пасольства Беларусі ў Турцыі, калі ён вяртаўся з дзіцем дадому. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, „псіхічна неўраўнаважаны былы вайсковец некалькі разоў стрэліў у дыпламата”. Імя пацярпелага беларуса МЗС не паведамляў, згодна са звесткамі турэцкай газеты Hurriyet, гэта Аляксандр Паганшаў.

„Дыпламат адразу ж быў адпраўлены ў бальніцу, і аперацыя прайшла ў найвышэйшай ступені паспяхова, — сказаў кіраўнік МЗС Турцыі. — Зараз ён у рэанімацыі, але стан яго здавальняючы”.

„Вядома, пры любой аперацыі магчымыя рызыкі, але, паводле звестак, атрыманых намі ад урачоў, на працягу сутак ён можа быць пераведзены ў звычайную палату, — удакладніў Чавушаглу. — Наш прэзідэнт Таіп Эрдаган, прадстаўнікі МЗС і МУС сочаць за развіццём сітуацыі”.

Кіраўнік турэцкай дыпламатыі таксама паведаміў, што правёў тэлефонныя перамовы з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем і „перадаў яму ўсю наяўную інфармацыю”.

Згодна са звесткамі турэцкага знешнепалітычнага ведамства, папярэднія вынікі расследавання паказваюць на тое, што злачынец здзейсніў напад на бытавой глебе. Вядома, што напад быў здзейснены псіхічна неўраўнаважаным чалавекам, былым вайскоўцам. Пасля нападу злачынец пакончыў з сабой.

Як паведаміў губернатар правінцыі Анкара Васіп Шахін, турэцкія праваахоўнікі расследуюць здарэнне: „Паводле папярэдніх даных, справа не мае палітычнай падаплёкі — сусед дыпламата пачаў страляць падчас слоўнага канфлікту на бытавой глебе. Расследаванне працягваецца пад кантролем пракуратуры”.

БелаПАН

Фота: hurriyet.com.tr

***

Невядомы стрэліў у дарадцу пасольства Беларусі ў Турцыі, ён шпіталізаваны. Пра гэта паведамляе турэцкая газета Hurriyet.

Інфармацыю пацвердзілі ў МЗС Беларусі. «Супрацоўнік пасольства вяртаўся з дзіцём дадому, калі псіхічна неўраўнаважаны былы вайсковец некалькі разоў стрэліў у дыпламата», — распавёў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Дыпламат Аляксандр Паганшаў знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане. Дзіця не пацярпела. Мужчына, які на яго напаў, скончыў жыццё самагубствам.

Як паведамляе Hurriyet, нападнік быў суседам дыпламата. 

Фота hurriyet.com.tr