Праваабаронца Сяргей Вакуленка пачаў сухую галадоўку



Актывіст Руху “За свабоду”, праваабаронца Сяргей Вакуленка з Берасця пачаў 25 ліпеня з 8 раніцы сухую галадоўку. Прычынай такога рашэння стала паведамленне кіраўніцтва прыватнага прадпрыемства “Дэльта-Буг” спыніць з ім з 1 жніўня працоўныя зносіны. Сяргей Вакуленка стаў нязручным работнікам праз абарону сваіх працоўных правоў і правоў іншых людзей.

Актывісту засталося дапрацаваць да льготнай пенсіі два з паловай гады. Але ні непасрэднае кіраўніцтва, ні гарвыканкам да гэтага не паставіліся з паразуменнем. Асабліва пасля таго, як Вакуленка часткова дамогся даплаты за пашыраную зону абслугоўвання.

Вакуленка непрацягненне кантракту лічыць помстай за яго прынцыповую пазіцыю ў абароне працоўных правоў. Але кіраўнік “Дэльта-Буг” характарызуе Вакуленка як нікудышнага работніка. Кажа Сяргей Вакуленка:

– Працую на прадпрыемстве “Дэльта-Буг” з 12 лістапада 2012 года. За час працы не меў ніякіх дысцыплінарных спагнанняў.

Сяргей Вакуленка напісаў скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта на імя Наталлі Качанавай і Берасцейскі абласны камітэт на імя Анатоля Ліса, а таксама папярэдзіў кіраўніцтва “Дэльта-Буг” аб тым, што распачынае сухую галадоўку:

– Апавясціў сёння непасрэднага наймальніка пра тое, што я пачаў сухую галадоўку і прасіў перагледзіць іх рашэнне, каб даць мне магчымасць дапрацаваць да атрымання льготнай пенсіі.

Паводле Сяргея Вакуленкі, галадоўка будзе працягвацца бесперапынна, незалежна ад рабочага часу, працуе на прадпрыемстве ці знаходзіцца дома. Вакуленка працуе па 11 гадзін, знаходзячыся два дні на працы, а два – дома.

Беларускае Радыё Рацыя